Кожны год на тэрыторыі Мікалаеўскага падвор’я Свята-Раства-Багародзіцкага жаночага манастыра ў Вежным збіраюцца сотні прадстаўнікоў праваслаўнай моладзі. Вось ужо 15 гадоў запар у жніўні тут праходзіць маладзёжны семінар-злёт Брэсцкай епархіі «Адзінства».
Не стаў выключэннем і гэты год. На чатыры дні, з 9 па 12 жніўня, у Вежным разгарнуўся сапраўдны мала-дзёжны гарадок. Удзельнікамі «Адзінства» сёлета сталі прыкладна 450 маладых людзей з Брэсцкай вобласці і не толькі. Разам яны маліліся, удзельнічалі ў гульнях і квэстах, спявалі песні ля кастра. Цікава, што ў кожнага з маладзёжных брацтваў, якія ўдзельнічалі ў семінары-злёце, былі свае абавязкі: хтосьці, напрыклад, адказваў за касцёр і музыку, хтосьці дзяжурыў на палявой кухні.
Традыцыйна ўдзел у семінары прыняў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. Па словах уладыкі, месцам правядзення злёту праваслаўнай моладзі Вежнае было абрана невыпадкова. Справа ў тым, што менавіта тут знаходзіцца цудатворны спіс Смаленскай іконы Божай Маці «Адзігітрыя». У свой час ён абнавіўся — з чорнага стаў светлым. Святкаванне ў гонар іконы здзяйсняецца 10 жніўня, а 9-га заўсёды пачынаецца злёт «Адзінства». Вось і ў гэтым годзе ў першы яго дзень архіепіскап Іаан здзейсніў святочную службу ў Мікалаеўскім скіце.
Апоўначы 10 жніўня на падворку жаночага манастыра адбылася Боская літургія, якую таксама ўзначаліў архіепіскап. Адметна, што падчас яе маліліся аб аднаўленні спакою ва ўсім свеце. Пасля ж літургіі адбыўся хрэсны ход, архіепіскап Іаан акрапіў усіх святой вадой. Напрыканцы уладыка звярнуўся да моладзі са словамі настаўлення, па-дзякаваў ігуменні манастыра Аляксандры (Жарын) і сёстрам за арганізацыю свята ў гонар іконы Божай Маці «Адзігітрыя» і душэўную сустрэчу маладых людзей.
У апошні дзень семінара-злёта «Адзінства» па традыцыі адбылася гутарка высокага госця з моладдзю. Падчас яе уладыка адказаў на пытанні, якія хвалявалі хлопцаў і дзяўчат, заклікаў іх з адказнасцю адносіцца да ўласнага жыцця і жыцця тых, хто побач. Гаварылі і на іншыя, актуальныя для праваслаўнай моладзі тэмы.
Завяршыўся злёт «Адзінства» традыцыйным агульным фатаграфаваннем каля жаночага манастыра ў Вежным, дзе праз год хлопцы і дзяўчаты абавязкова сустрэнуцца зноў.
Уладзіслаў Шпарла