Кажуць, што чалавек жыве, пакуль пра яго памятаюць. Пакуль на зямлі ёсць той, хто хоць аднойчы ў жыцці ўспомніць пра яго. Думаецца, што гэтак жа можна сказаць і пра населеныя пункты. Некаторыя вёскі аджываюць свой век, таму ім ні ў якім разе нельга дазволіць сысці ў нябыт.

Два гады таму ўраджэнец Зарэчча, а зараз брэсцкі прад-прымальнік М.М.Куц пачаў ствараць на сваёй малой радзіме мемарыяльны сквер у памяць аб загінулых жыхарах вёскі, удзельніках Вялікай Айчыннай вайны і ў гонар усіх яе жыхароў. Работы вяліся паэтапна. І вось у мінулую суботу адбылося ўрачыстае адкрыццё.

Стварэнню сквера папярэднічала працяглая карпатлівая праца. Пра неабходнасць захаваць памяць 28 вяскоўцаў, што загінулі падчас вайны, Міхаіл Міхайлавіч Куц задумваўся даўно. Ідэя, як гэта зрабіць, з‘явілася пры наведванні сквера памяці воінаў-афганцаў у райцэнтры. Так у 2018 годзе ў вёсцы ва ўрачыстай абстаноўцы адкрылася Алея памяці з партрэтамі жыхароў Зарэчча, што загінулі падчас вайны на тэрыторыі Беларусі, Украіны, Расіі, Прусіі, Венгрыі, Чэхаславакіі і Германіі. На гэтым вырашылі не спыняцца. Працягам праекта стала ўсталяванне помнікаў яшчэ 39 зарэчанцам, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях, а пасля вярнуліся ў родную вёску і аднаўлялі разбураную вайной гаспадарку. Пабудавалі і капліцу, дзверы якой не зачыняюцца ні днём, ні ўначы, каб любы жадаючы мог спыніцца, памаліцца і такім чынам ушанаваць памяць загінулых…

З гэтай жа мэтай прыехала на адкрыццё сквера мноства былых жыхароў Зарэчча. Гэта зараз тут зарэгістравана 16 чалавек, а пастаянна пражываюць толькі сем. Паводле перапісу 1921 года вёска была ў складзе Шарашоўскай гміны Пружанскага павета. У ёй налічвалася 50 дамоў і 292 жыхары. У 1959-м тут пражываў 421 чалавек, у 1970-м – 366, а яшчэ ў 2003 годзе вёска складалася з 62 гаспадарак і 95 жыхароў.

Валянціна Мікалаеўна Мелеш прыехала ў гэты дзень у Зарэчча разам з дзецьмі і ўнукамі, каб разам успомніць бацьку і дзядулю М.В.Суботу. Васямнаццацігадовым хлопцам ён быў прызваны ў армію. Падчас баёў атрымаў раненне, у выніку чаго страціў нагу… Пэўны час Мікалай Васільевіч знаходзіўся ў шпіталі. Пасля вайны вярнуўся ў вёску, дзе ажаніўся і пражыў да канца жыцця. Сёння пра яго таксама нагадвае мемарыяльная пліта, прыязжаць да якой усім разам стане добрай сямейнай традыцыяй.

Успамінамі пра жыхароў вёскі быў прасякнуты ўрачысты мітынг, прысвечаны адкрыццю сквера. Распачаў яго старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец. “Для таго, каб чалавек упэўнена ішоў у будучыню, ён павінен памятаць пра свае карані і ведаць сваю гісторыю. Мы – сведкі таго, што на Пружанскай зямлі ёсць такія людзі”, – падкрэсліў Мікалай Пятровіч. Таксама ён падзякаваў усім, хто працаваў над стварэннем сквера і нагадаў, што самае галоўнае сёння – захаваць спакой на беларускай зямлі.
Па словах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Я.С. Зайцава, пружанская зямля для яго – другая малая радзіма, бо менавіта тут ён стварыў сям’ю, тут нарадзіліся яго дзеці, таму і прыязджаць сюды заўсёды прыемна. Яўгеній Станіслававіч справядліва адзначыў, што ў Беларусі шмат помнікаў і абеліскаў, і кожны з іх вельмі важны, таму што захоўвае памяць. Не пакінуў па-за ўвагай дэпутат і падзеі, што адбываюцца сёння ў нашай краіне: “Нягледзячы на розныя меркаванні, мы павінны заставацца разам, каб захаваць мір, спакой і ўсё добрае, што намі створана”, – сказаў Яўгеній Станіслававіч.
Затым выступіў сам М.М. Куц, які адзначыў, што пра родныя мясціны нельга забываць, бо менавіта адсюль усе зарэчанцы выходзілі ў свет, а вёска была сапраўднай вялікай сям’ёй. Міхаіл Міхайлавіч персанальна падзякаваў кожнаму, хто прыклаў руку да стварэння сквера. А гэта — дырэктар ААТ “Велікасельскае Агра” В.Л.Севасцьянчык, старшыня Велікасельскага сельвыканкама Т.М.Навіцкая, сябры Міхаіла Міхайлавіча з Брэста, Пружан і Бярозы на чале з А.А.Янутам і супрацоўнікі яго фірмы, група падтрымкі на чале з В.П.Жалянгоўскім і М.П.Содавым, генеральны дырэктар брэсцкага “Газаапарата” В.А.Кузьмінчук, які стварыў макет Вечнага агню. Узгадаў Міхаіл Міхайлавіч і сваіх сяброў, з якімі пачынаў будаўніцтва мемарыяльнага сквера. У адрас Георгія Яраслававіча Шведа і Аляксандра Васільевіча Суботы прагучалі словы асаблівай падзякі. Вернай спадарожніцай і чалавекам, які падтрымлівае М.М.Куца ва ўсіх пачынаннях, застаецца яго жонка Наталля Аляксандраўна. Міхаіл Міхайлавіч выказаў спадзяванне, што сквер стане месцам добрых сустрэч і душэўных размоў.

Ваенны камісар Брэсцкай вобласці А.А.Канавалаў зазначыў, што ў нашай краіне няма ніводнай беларускай сям’і, якую б не закранула вайна, таму і памятаць пра падзеі тых дзён – наш святы абавязак. Алег Анатольевіч узнагародзіў М.М.Куца медалём “75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”.
“Вельмі прыемна, што жыхары Брэста не забываюць пра сваю малую радзіму”, – падкрэсліў былы мэр абласнога цэнтра, ганаровы грамадзянін г.Брэста А.С. Палышэнкаў. А яшчэ Аляксандр Сяргеевіч шчыра парадаваўся працоўным поспехам пружанцаў, у прыватнасці, ААТ “Велікасельскае Агра”.
“Сквер, які з’явіўся ў Зарэччы – гэта вынік высокага маральнага подзвігу людзей, што стварылі гэты помнік. Яны рабілі гэта не дзеля славы, а па поклічу сэрца, таму іх смела можна назваць героямі нашага часу”, – сказаў Уладзімір Аляксеевіч Крылоў. Ён прачытаў уласны верш «Вахта памяці ў Зарэччы» і разам з А.А.Янутам падарыў Міхаілу Міхайлавічу ікону, якую змясцілі ў капліцу.
Настаяцель царквы ў г.п.Шарашэва, протаіерэй Мікалай Пашкевіч падкрэсліў, што дзякуючы такому добраму пачынанню памяць пра мясцовых людзей будзе захоўвацца стагоддзямі. Айцец Мікалай таксама заклікаў усіх жыць у спакоі і згодзе і правёў чын асвячэння мемарыяльнага сквера і капліцы.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Т.М.Гагакава, таксама наша зямлячка, выказалася і ад імя тых, хто не змог прысутнічаць на мерапрыемстве. Таццяна Міхайлаўна адзначыла, што падзяляе боль усіх, хто смуткуе па прычыне вымірання вёсак. “Але пакуль на нашай зямлі будуць нераўнадушныя людзі, такія, як Міхаіл Міхайлавіч, Зарэчча будзе жыць. Цяпер яго жыхары будуць мець яшчэ адзін маршрут. Маршрут памяці. 75 гадоў таму людзі, якія глядзяць на нас з партрэтаў, абаранілі нашую зямлю, і сёння мы павінны быць годнымі іх”, – сказала Т.М.Гагакава.

Памяць жыхароў вёскі, якія загінулі ў баях з фашызмам, ушанавалі хвілінай маўчання. Затым да абеліска былі ўскладзены вянкі і кветкі.
Ну, а далей пачалося сапраўднае свята вёскі. Сіламі творчых, самадзейных калектываў і выканаўцаў раёна быў падрыхтаваны канцэрт. Госці гучнымі апладысментамі віталі вакальныя гурты “Весялінка” Велікасельскага і “Клепачанка” Кляпацкага СДК, вакальны гурт “Добры настрой”, аматарскае аб’яднанне “Дзявочнік” Мокраўскага СДК і шматлікіх сольных выканаўцаў.

Падчас канцэрта прыемнымі падарункамі ад Велікасельскага сельвыканкама былі адзначаны старэйшыя жыхары вёскі В.В.Дудко, В.М.Субота, Т.А.Субота, Л.В.Кабрынец, М.А.Шахалевіч. Віншаванні прагучалі і ў адрас Мікалая Іванавіча і Ніны Аляксандраўны Суботаў, якія больш за 60 гадоў крочаць па жыцці разам. Падарунак ім таксама ўручыла старшыня Велікасельскага сельсавета Т.М.Навіцкая.
Было, на што паглядзець і акрамя канцэрта: выставу сваіх работ наладзілі пружанскія рамеснікі Аляксандр Савіцкі і Мікалай Дубінчук. Не абышлося без палявой кухні і шашлыкоў.
Сапраўды, мемарыяльны сквер і капліца – тое, што змагло аб’яднаць цяперашніх і былых аднавяскоўцаў. І мерапрыемства, якое адбылося на мінулым тыдні, было не проста мітынгам памяці, а яшчэ і сустрэчай сяброў, вялікай вясковай сям’і. І, хочацца верыць, што далёка не апошняй.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара і Сяргея Нушчыка.