Колькі людзей — столькі і лёсаў. Незайздросным ён быў у той час і ў жанчын… Ці ж ведала 22-гадовая Вера Міхайлюковіч, якія выпрабаванні чакаюць яе наперадзе? Вайна забрала ў яе не толькі лепшыя гады маладосці, але і родных людзей.
Маладую жанчыну накіравалі выконваць «вайсковы абавязак» у медсанбат: на фронце таксама патрэбны былі жаночыя рукі. Вера аказвала медыцынскую дапамогу параненым салдатам, стаяла на пасту, па трывозе грузіла боепрыпасы…
— Успамінаеш тыя падзеі — і не магчыма не заплакаць.
Пад Севастопалем Вера Фёдараўна была паранена. Справы ў санбаце ішлі звычайным парадкам, калі пачуўся роў варожых самалётаў. Пасыпаліся бомбы, асколак адной з якіх і трапіў Веры ў нагу… Пра тое, што вайна нарэшце закончылася, яна даведалася ў шпіталі ў Ганцы.
Родная Херсоншчына сустрэла разрухай, голадам. І горам: маленькі Толік памёр, больш так і не ўбачыўшы матулю, муж-сапёр загінуў на фронце. Некаторы час Вера Міхайлюковіч працавала ў сталовай, затым уладкавалася ў бальніцу…
А ў 1949 годзе прыехала шукаць шчаслівай долі на Пружаншчыну ў Беларусь. Так назаўсёды тут і засталася.
Марына Ахрамовіч.