Пятница, 23 мая 2025

У «Велікасельскім Агра» працуюць на вынік. Наш святочны рэпартаж з сельгаставарыства

1 178

Вялікі карабель заўсёды імкнецца здзейсніць вялікае плаванне. З такім караблём можна параўнаць ААТ «Велікасельскае Агра». Імя гаспадаркі сёння гучыць далёка за межамі раёна. Імідж арганізацыі стварае больш за 300 работнікаў, улюбёных у сваю справу.

Кожны з тых, хто шчыруе ў полі, сочыць за станам тэхнікі або пагалоўем на ферме, сваёй штодзённай самаадданай працай імкнецца зрабіць усё, каб паказчыкі таварыства былі сапраўды важкімі.

Дырэктар ААТ «Велікасельскае Агра» Васіль Севасцьянчык.

На першым паверсе адміністрацыйнага будынка гаспадаркі размешчана Дошка гонару. Зараз на ёй 10 фотаздымкаў. Але дырэктар ААТ «Велікасельскае Агра» Васіль Севасцьянчык прызнаецца: трапіць сюды дастойны абсалютна кожны работнік.

Адміністрацыйны будынак ААТ «Велікасельскае Агра».

— У тым ліку і таму, што да прафесійнага свята мы падыходзім з добрымі вынікамі. Няпростыя ўмовы надвор‘я не аказалі істотнага ўплыву на ўраджай. Сёлетні валавы збор каласавых культур разам з кукурузай склаў 18130 т пры ўраджайнасці 60,8 ц/га. Гэта максімальны паказчык за ўсю гісторыю, і такія лічбы гавораць пра прафесіяналізм кожнага чалавека, жыццё якога звязана з «Велікасельскім Агра». У таварыства сёння многа накірункаў работы, але надаваць увагу чамусьці аднаму, а на астатняе забыцца мы проста не маем права. Тады наш «карабель» проста патоне, — кажа Васіль Лявонцьевіч.

РАСЛІНАВОДСТВА: СТАЎКА НА ЎРАДЖАЙ
Агранамічная служба гаспадаркі складаецца з трох спецыялістаў. Сюды ўваходзяць аграномы па насенняводстве і кормавытворчасці, а ўзначальвае яе галоўны аграном Сяргей Субота. Усе працуюць у таварыстве далёка не першы год, таму выдатна ведаюць: ураджай залежыць ад выканання тэхрэгламентаў.

Рабочых пытанняў, нягледзячы на завяршэнне сезона, застаецца нямала. Іх у абноўленым Доме механізатара абмяркоўваюць галоўны аграном Сяргей Субота, загадчык машыннага двара Кірыл Пракурат і галоўны інжынер Сяргей Дудко.

— У раслінаводстве няма дробязяў, кожны агратэхнічны прыём вельмі важны, гэта як звёны ў ланцужку. Возьмем, напрыклад, цукровыя буракі, ураджай якіх сёлета атрымалі небывалы – 25753 тоны пры ўраджайнасці 735,8 ц/га. І гэта пры тым, што пасяўныя плошчы не павялічвалі: буракі, як і раней, займалі 350 га. Проста своечасова пасеялі, унеслі арганіку, зрабілі хімапрацоўкі, — расказвае Сяргей Сяргеевіч.

Не паспелі сабраць ураджай буракоў сёлетняга года – пачалі рыхтавацца да наступнага. Узворванне пад салодкую культуру ўжо праведзена, унесена арганіка, а да зімы плануюць яшчэ і камяні сабраць, каб тэхніка магла ў літаральным сэнсе плыць па палетку. Дарэчы, гібрыды буракоў закупляюць напрамую, без удзелу цукровага завода. Гатункі зерневых і кукурузы таксама толькі элітныя. Балазе, насенне вырабляюць самастойна, таму і дзяржзаказ выконваюць заўсёды. Тое зерне, што застаецца, рэалізуецца іншым гаспадаркам. Але ўсяго гэтага, упэўнены Сяргей Сяргеевіч, наўрад ці дабіліся б без якаснай работы механізатараў.

ПАРК ТЭХНІКІ: АБНАЎЛЕННЕ І ЎДАСКАНАЛЕННЕ
І без добрай тэхнічнай базы таксама ніяк. Толькі за апошнія два гады машынна-трактарны парк таварыства папоўніўся сарака новымі адзінкамі. Галоўны інжынер Сяргей Дудко расказаў, што закупілі чатыры трактары замежнай вытворчасці, два МАЗы, абнавілі таксама сельгасмашыны, прычэпы, плугі, культыватары, сеялкі… А яшчэ зернеўборачныя камбайны.

Так сёлета набылі новенькі Lexion 740, пра што ні разу не пашкадавалі. Усё таму, што Вадзім Кісялевіч, якому даверылі камбайн, намалаціў на ім 9590 тон ураджаю, а гэта больш, чым палова ад агульнага валавога збору! Менавіта Вадзім заняў першае месца ў раёне. На трэцім размяшчаецца таксама экіпаж «Велікасельскага Агра», дзе старшым камбайнерам — Аляксандр Мардань. Ён разам з Аляксеем Велясевічам працаваў на камбайне Acros 595+, які закупілі летась.

А вось гэтай вясной пачалі работы па добраўпарадкаванні мехдвара. На дадзены момант амаль уся яго тэрыторыя заасфальтавана. Узведзены новы будынак пункта тэхабслугоўвання, зроблены рамонт у Доме механізатара. Цяпер тут новыя душавыя, клас па ахове працы, пакой для прыёму ежы. Часткова абнавілі абсталяванне майстэрні №1. Ну, а зараз акцэнт робіцца на будаўніцтва мыйкі для тэхнікі.

ЖЫВЁЛАГАДОЎЛЯ: ГАЛОЎНАЕ – ЯКАСЦЬ МАЛАКА
Яшчэ адзін вельмі важны накірунак работы – жывёлагадоўля. Пагалоўе гаспадаркі налічвае 2950 кароў, і ў параўнанні з мінулым годам не паменшылася. Статак утрымліваецца на двух комплексах – у Ліхасельцах і Стараволі, а таксама на ферме ў Вялікім Сяле. Але хутка кароў стане больш: з красавіка ўзводзіцца яшчэ адзін комплекс на тысячу галоў. Фінансуе будаўніцтва «Банк развіцця», конкурс якога выйграла таварыства.

На кожнай ферме ўстаноўлена сучасная аўтаматызаваная праграма кіравання дойным статкам. Гэта, адзначае начальнік комплексу №1 Юрый Богуш, значна спрашчае работу. Ферма ў Вялікім Сяле, якой кіруе Юрый Анатольевіч, з’яўляецца найстарэйшай у гаспадарцы, існуе з 1985 года. Комплекс пабудоў разлічаны на 490 галоў дойнага статка, усяго тут утрымліваецца больш за 1200 кароў. Абслугоўваннем комплексу займаецца 30 чалавек.

Жывёлагадоўчую галіну ў ААТ «Велікасельскае Агра» не баяцца даверыць маладым работнікам. Юрый Богуш вось ужо тры гады узначальвае ферму ў Вялікім Сяле ветурач Юлія Каўко працуе тут літаральна тыдзень пасля заканчэння Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, а старшы ветурач Барыс Гутырчык — два гады.

— Усе мясцовыя, тут нарадзіліся і выраслі. Працуем на якасць малака. Летась надаілі амаль 8700 кг на карову, сёлета гэты паказчык удалося палепшыць, планку мяркуем не зніжаць. Сярэднясутачны надой на карову – каля 24 літраў, а прывагі – 800-900 грамаў, — дзеліцца лічбамі начальнік фермы.

Малако класа «экстра» атрымліваюць, дзякуючы збалансаваным камбікармам, гатуюць якія на ўласным заводзе. Нядаўна даведаліся пра праграму «Камбікорм-СД». Дзве апошнія літары абазначаюць, што яе фінансавую падтрымку ажыццяўляе Саюзная дзяржава. Калі коратка, праграма дазваляе павысіць прывагі жывёлы, знізіць сабекошт камбікармоў, скараціць энергавыдаткі. Спецыялістаў «Велікасельскага Агра» такія перспектывы зацікавілі, таму працаваць у гэтым накірунку гатовы актыўна.


А ўвогуле тут адкрыты ўсяму сучаснаму і інавацыйнаму.

— Сельская гаспадарка, як і наша жыццё, не стаіць на месцы. Без абнаўлення тэхнікі і ўдасканалення ведаў работнікаў сёння ўтрымацца вельмі цяжка, — кажа Васіль Севасцьянчык. — Увесь наш вялікі калектыў віншую з прафесійным святам. Няхай высокія вынікі будуць не толькі на працы, але і па жыцці. Моцнага здароўя ўсім, дабрабыту і поспехаў!

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік