Понедельник, 2 декабря 2024

У Стулах вясну гукалі. У бліжэйшых планах святкавання Юр’я

884

У мінулую нядзелю ў мяне дома пасяліўся… жаўрук. Унікальная драўляная птушачка, зробленая народным майстрам Беларусі Уладзімірам Чыквіным, нагадвае пра чарговую паездку ў вёску Стойлы. Тут, на аграсядзібе “Стулы”, засмучаныя доўгай зімой гараджане з энтузіязмам гукалі вясну.
Зразумела, без дапамогі дасведчаных людзей абысціся ў такой справе немагчыма. Спачатку на аграсядзібе быў праведзены пленэр “Саракі”, падчас якога майстры выразалі, ляпілі, выпляталі, малявалі самых разнастайных птушак для тэматычнай выставы. А потым усе жадаючыя змаглі прыняць удзел у майстар-класах. Іх праводзілі маладыя мастакі-ганчары Віктар і Тамара Тромзы, майстар саломапляцення Таццяна Лук‘янюк, народныя майстры Рэспублікі Беларусь разьбяр Уладзімір Чыквін і мастачка Марыя Кулецкая. Гучалі веснавыя песні-барадайкі (аказваецца, толькі іх дазвалялі сабе спяваць нашы продкі падчас вялікага посту) у выкананні сямейнага фальклорнага ансамбля сясцёр Лук‘яновіч з Драгічынскага раёна, наладжваліся абрадавыя гульні. Задавальненне ад мерапрыемства атрымалі і дзеці, і дарослыя.
Гаспадары аграсядзібы Ларыса і Аляксандр Быцко мяркуюць, што ў рамках праекта “Вясковы рэнесанс” працягнуць знаёміць гасцей з культурнай спадчынай нашых продкаў. Гуканнем вясны кола традыцыйных абрадавых святаў толькі пачыналася. На чарзе — святкаванне Юр‘я.

Ірына Сядова, фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *