Новы, 2021-ы, год узорная студыя моды і дэкаратыўнай творчасці “Папараць-кветка”, што шмат гадоў дзейнічае пры цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, сустракала з новым кіраўніком.
Ці чакаюць з гэтай нагоды нейкія змены ўзорны калектыў у бліжэйшы час і іншыя пытанні мы задалі Наталлі Міхайлаўне Венска.
— Раскажыце, калі ласка, коратка пра сябе. Дзе Вы працавалі раней? І якое ў Вас хобі?
— Я ў свой час закончыла швейнае вучылішча. Трошкі працавала швачкай. Потым доўгі час была загадчыцай магазіна, а калі яго закрылі, вырашыла вярнуцца да любімай справы. Вельмі шмат шыю, тым больш, ёсць для каго: у мяне тры дачкі. На ўсе святы яны заўсёды ў новых уборах, прычым эксклюзіўных. Малюем вобраз і за ноч шыем.
—Як Вы вырашылі прыйсці ў цэнтр творчасці?
— Мае дочкі хадзілі ў студыю Веры Міхайлаўны Лапука, нязменнага кіраўніка «Папараць-кветкі» на працягу многіх гадоў. Зразумела, я, як мама, не заставалася ўбаку. Я заўжды па-добраму зайздросціла тым людзям, хто займаецца любімай справай на працы. І марыла аб гэтым.
— Няўжо ніякіх змен не плануеце?
— Я б хацела толькі аднаго: каб дзеці актыўней праяўлялі ўласную індывідуальнасць. Каб у калекцыі адзення, аб’яднанай нейкай тэмай, кожны твор меў свой непаўторны характар. Праўда, думаю, цяпер трошкі адрознівацца будзе наш стыль работы: пры стварэнні новых калекцый больш увагі хочацца надаваць дэкору касцюмаў.
— Ці захаваецца любоў да гістарычных тэм?
— Мы ні ў якім разе не адмаўляемся ад мінулага, але па меры магчымасці будзем імкнуцца рабіць нешта новае. У планах — дзве калекцыі экалагічнага напрамку. Але пакуль не буду раскрываць усе сакрэты.
— Вас не палохае тое, што прынялі ў свае рукі такі «раскручаны» праект?
— Я спадзяюся, што спраўлюся.
— Звычайна пры студыях моды праходзяць кастынгі, адборы ўдзельнікаў. Ці плануеце іх увесці?
— Не. Дзверы нашай студыі, як і раней, адчынены для ўсіх жадаючых. Да кожнага госця ў нас індывідуальны падыход, таму любы можа завітаць і знайсці сабе нешта па душы. У нас можна навучыцца шыць амаль усё — пачынаючы ад масак, рукавічак, лялек і паступова пераходзячы да складаных вырабаў. Заўважу, побач з намі працуе яшчэ аб’яднанне “Дэфіле”, дзе дзяцей вучаць прафесійна дэманстраваць публіцы і сябе, і свае касцюмы. У нас вельмі спрыяльная атмасфера: усе, хто прыходзіў сюды, заставаліся надоўга. Мы ўсіх любім.
— “Папараць-кветка” будучага. Якая яна для Вас?
— Я б хацела, каб мы часцей удзельнічалі ў конкурсах, каб сябе паказаць. Каб студыя яшчэ больш квітнела і папаўнялася новымі цікавымі калекцыямі.
— Якія конкурсы чакаюць у бліжэйшы час?
— Першы іспыт у новым годзе — VI Рэспубліканскі агляд-конкурс “Добры дзень, свет” у г.Мінску, дзе плануем прадэманстраваць новую калекцыю, работу над якой пачынала яшчэ Вера Міхайлаўна Лапука. Потым трэба будзе ў Брэсце пацвярджаць званне ўзорнай студыі моды і дэкаратыўнай творчасці.
— Што для Вас мода?
— Мода – гэта тое, што ідзе з душы. Мы творым тое, што адчуваем, што нам падабаецца. У нашай студыі “Папараць-кветка” мода – гэта, у першую чаргу, яркая індывідуальнасць і крэатыўнасць. Мы робім тое, чаго няма ў іншых. Галоўнае – верыць у сябе і ў свае здольнасці!
Ірына Макарчук, юны журналіст ЦТДМ.