Четверг, 16 января 2025

У старой частцы аграгарадка Клепачы створана зона адпачынку

836

Ініцыятарам стварэння зоны адпачынку стала група мясцовых жыхароў, якім баліць душа за родныя мясціны, дзе прайшло ўсё іх свядомае жыццё.

— Калісьці на гэтым месцы стаяў клуб і магазін. З цягам часу населены пункт разросся, з’явіліся новыя пабудовы, і гэтыя будынкі за непатрэбнасцю знеслі, — расказвае Алена Ціцянкова. — Тут засталася пустка, якая зарастала быльнікам. Асабліва крыўдна было, што ўся гэтая карціна знаходзіцца пад вокнамі маёй бацькоўскай хаты.

Добраўпарадкаваць пустку прапанавала Любоў Гразных: так пляменніца разам з цёткай пачалі наводзіць тут парадак. А неўзабаве да добрай справы далучылася і яшчэ некалькі жанчын: Ніна Калеснік, Тамара Савельева, Зінаіда Парыпа, Таццяна Маскалевіч

Пачалі разбіваць кветнікі, устанаўліваць малыя архітэктурныя формы, саджаць дрэўцы. Сосны, елачкі, туі, самшыт, вярба… Кожны нясе са свайго падворка расаду шматгадовых раслін — у каго што ёсць.

Дзякуючы мясцовай уладзе, былі ўстаноўлены лавачкі. Паступова гэтая тэрыторыя, якая стала месцам сустрэч вяскоўцаў і правядзення свят, удасканальваецца, прыгажэе яшчэ больш.

— Хацелася б, каб знайшоўся той, хто дапаможа ўвянчаць агульную карціну памятным знакам з годам з’яўлення нашага паселішча. Каб нашчадкі памяталі свае карані.

Марына Вакульская, фота Кацярыны Масік