Пераважная большасць пустуючых аб’ектаў паступова вяртаецца ў абарот шляхам продажу, перадачы ў арэнду. Але адзінкі старых збудаванняў застаюцца незапатрабаванымі, часцей за ўсё з-за вялікай плошчы. Патэнцыйнаму ўласніку давядзецца планаваць, якім чынам задзейнічаць атрыманую нерухомасць, а ў дадатак — правесці аднаўленчыя работы, якія вельмі неабходны з-за працяглай адсутнасці догляду.
Менавіта такі лёс напаткаў і будынак былой казармы на тэрыторыі вайсковай часці ў Слабудцы. Чатырохпавярховае збудаванне не зацікавіла магчымых інвестараў. У выніку збудаванне паступова струхлела і было прызнана аварыйна-небяспечным. Таму, як паведаміў начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Павел Талстой, райвыканкам у рамках выканання плана ліквідацыі аварыйна-небяспечных будынкаў і збудаванняў прыняў рашэнне аб зносе былой казармы. Вось толькі рэалізаваць гэта аказалася складана.
— Праблема ў тым, што для работы на вышыні чатырох паверхаў неабходна мець асаблівую тэхніку, аснашчэнне і падрыхтоўку, — зазначыў Павел Міхайлавіч. — Больш таго, разборка будынка немэтазгодна, бо другасныя жалезабетонныя канструкцыі і іншыя будаўнічыя матэрыялы поўнасцю выпрацавалі свой рэсурс і паўторна не могуць прымяняцца па прызначэнні.
Ці мэтазгодна ў такім выпадку на знос аб’екта выдзяляць адчувальныя сродкі, якія ніякім чынам не акупяцца? Таму і было вырашана прымяняць самы недарагі з даступных спосабаў — выбуховы. Тым больш што ў Пінску дзейнічае рэспубліканскі аварыйна-выратавальны атрад спецпрызначэння, у складзе якога ёсць выбуховатэхнічная служба. На рахунку гэтых спецыялістаў ужо нямала знесеных такім спосабам аб’ектаў і наўрад ці слабудская казарма стане для іх «трывалым арэшкам». Што і атрымалася ў рэальнасці.
Па словах начальніка РАНС, фінальным работам папярэднічалі карпатлівыя даследаванні асаблівасцей аб’екта, разлікі па размяшчэнні выбуховых закладак. У прыватнасці, выбуховыя рэчывы закладваюцца такім чынам, каб прычыніць канструкцыям максімальны ўрон, але без рызыкі наваколлю ў выглядзе моцнай выбуховай хвалі або разлёту асколкаў.
У мінулую пятніцу пасля кароткага папераджальнага сігналу адбыўся выбух… Хаця збудаванне за час невыкарыстання істотна струхлела, усё-такі першы выбух поўнасцю не зруйнаваў яго: частка адной сцяны уцалела. Давялося прымаць дадатковыя намаганні, каб поўнасцю «вырашыць пытанне». У выніку чатырохпавярховы аварыйны будынак пераўтварыўся ў шчэбень, які потым можа быць выкарыстаны на вытворчасці дарожных матэрыялаў.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік