Традыцыямі моцныя. Менавіта так хочацца сказаць пра свята гарадскога пасёлка Шарашэва, якое ўжо шмат гадоў запар адзначаецца ў першую суботу жніўня. Не здрадзілі добрай традыцыі шарашэўцы і на мінулым тыдні. Гэта аказаўся 642-і дзень нараджэння мястэчка.

— Мы заўсёды тут святкуем, — тлумачыў хлопчык-дашкольнік зусім маленькай дзяўчынцы на пляцоўцы за цэнтрам культуры і адпачынку. І гэтае дзіцячае «заўсёды» дарагога каштавала. «Заўсёды» — гэта стабільнасць, гэта позірк у будучыню, гэта трывалыя крокі па сваёй зямлі…
А на сцэне нібыта падхапілі думку малога вядучыя:
— Няма нічога больш ганаровага, як працаваць на гэтай зямлі, аддаваць ёй сваю любоў і надзею, шчыраваць дзеля яе працвітання. А па якіх прыкметах можна палічыць, што пасёлку наканавана працвітаць? Так, гэта дзіцячыя галасы!

Галасоў-званочкаў вакол было сапраўды шмат. Пакуль прысутных віншавалі протаіерэй Мікалай Пашкевіч і ксёндз Яцэк Дубіцкі, выконваючая абавязкі старшыні сельскага выканаўчага камітэта Святлана Амяльянец, смех і шчабятанне даносіліся з боку атракцыёнаў і гандлёвых кропак з цацкамі і прысмакамі, а мамы і таты з каляскамі запаўнялі ці не ўсю прастору паміж сцэнай і крэсламі імправізаванай глядзельнай залы.

І вось маладыя бацькі вынеслі на сцэну самае дарагое, што ў іх ёсць: нованароджаных дзетак. Кіраўнік спраў сельвыканкама Вольга Радзькова назвала імёны адзінаццаці новых грамадзян, якімі папоўніўся пасёлак за мінулы год. Многа гэта ці мала?

Кіраўнік ясляў-садка Таццяна Півень лічыць, што патэнцыял шарашэўскіх сем‘яў далёка не вычарпаны. Тым не менш, адзначае, што рада будзе прыняць сюды дзетак сваіх былых выхаванцаў. Такая тут атрымліваецца пераемнасць пакаленняў.
А вось першакласнікаў у Шарашоўскай школе будзе ажно 25! Яны выйшлі на сцэну разам з настаўніцай Валянцінай Кісялевіч і расказалі ўсім, як добра збіраюцца вучыцца! Паверым?
Паверым, зразумела. Таму што якасць навучання — вынік сумеснай працы дзяцей і педагагічнага калектыву, дапамога бацькоў. Пра гэта ёміста сказаў дырэктар школы Павел Пракаповіч: «Вырасціць адукаванага чалавека недастаткова, нам разам трэба выхаваць патрыёта, адказнага за лёс роднай Беларусі».

Варта адзначыць, што — таксама традыцыйна — новаспечаныя школьнікі атрымалі «Наборы першакласніка», падарункі ўручаліся і бацькам немаўлят, і ўсім наступным катэгорыям адзначаных падчас свята. Склалася ўражанне, што «галоўнай па падаруначках» у гэты дзень была старшыня прафкама ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» Наталля Мартынчук: менавіта гаспадарка стала асноўным спонсарам Дня пасёлка. Хаця і астатнія мясцовыя прадпрыемствы і арганізацыі не засталіся ўбаку, аформілі святочныя выставы, падрыхтавалі пачастункі (забягаючы наперад, адзначым, што пераможцай тут стала Шарашоўскае лясніцтва).

А ўшаноўванні працягваліся. Надышла чарга юбіляраў сямейнага жыцця. Пары, якія адзначылі 25-гадовыя юбілеі, паставілі свае подпісы ў памятным альбоме і атрымалі юбілейныя пасведчанні аб сярэбраным вяселлі. За імі на сцэну выйшлі ізумрудныя юбіляры Уладзімір Мікалаевіч і Тамара Дзмітрыеўна Янушкевічы. 55 гадоў разам — гэта сапраўдны ўзор кахання, цярпення, узаемаразумення.

Сярод віншавальнікаў былі і дзеці, і прадстаўнікі арганізацый, у якіх працуюць або працавалі да выхаду на пенсію юбіляры, а старшыня суполкі Беларускага саюза жанчын Раіса Бульчук уручыла землякам караваі. Варта адзначыць, што «пярвічка» гэтай грамадскай арганізацыі ў Шарашэве заўсёды навідавоку, вылучаецца сваёй актыўнасцю.
Падчас свята падвялі вынікі і назвалі пяць сем‘яў-пераможцаў конкурсу «Лепшы дом і дваравая тэрыторыя». Спадзяемся, яны яшчэ стануць героямі нашых публікацый. Менавіта дзякуючы такім актыўным і нераўнадушным людзям пасёлак становіцца больш прыгожым і ўтульным.

Наогул, яшчэ шмат добрых слоў і віншаванняў гучала ў адрас землякоў. Прысутных віталі не толькі артысты Шарашоўскага ЦкіА, Роўбіцкага СДК, вакальныя гурты «Каханачка» Ліноўскага СДК і «Клепачанка» Кляпацкага СДК, але і папулярная беларуская спявачка Улада. Парадавалі паказальнымі выступленнямі юныя кікбаксёры з клуба «Тарнада». Пагранічнікі наладзілі палявую кухню і частавалі жадаючых салдацкай кашай.

Паімкнуліся наладзіць водную феерыю супрацоўнікі пажарнай часці, але, на жаль, надвор‘е канчаткова сапсавалася і халодная вада не парадавала нават загартаваных. Напэўна, падчас свята гэта была адзіная традыцыя, што не прынесла належнага задавальнення.
Ірына Сядова. Фота аўтара
Фотаальбомы са свята: https://ok.ru/budni/album/945056035720 і https://vk.com/album-23306785_285552450