Вторник, 14 января 2025

У Шарашэва адзначылі свята пасёлка

908

Лета — традыцыйная пара, калі адзначаюць свае святы вёскі, вялікія і не толькі, а таксама гарадскія пасёлкі. У мінулыя выхадныя жыхароў, ураджэнцаў і гасцей Шарашэва таксама сабрала такое свята.

Гісторыю пасёлка, зразумела, нельга расказаць у двух словах, але самыя значныя яе старонкі ў гэты дзень узгадалі. Таксама на парадку дня былі віншаванні, падарункі, ушанаванні і… шмат прыемных сюрпрызаў.

Сярод тых, хто падымаўся на сцэну, былі ўдзельнікі традыцыйнага ў Шарашэве парада калясак «Бэбі-бум», сёлетнія першакласнікі і іх бацькі, імяніннікі, якія ў гэты дзень адзначалі дзень нараджэння, удзельнікі раённай спартакіяды сярод жыхароў сельсаветаў, тыя, хто вырашыў прыняць удзел у конкурсах ураджаю і на лепшы каравай…

Здаецца, без увагі нікога не пакінулі — наладзілі конкурс нават для тых, хто нядаўна прайшоў тэрміновую вайсковую службу.

Нельга не заўважыць, як апошнім часам сіламі пасялкоўцаў мяняюць аблічча, добраўпарадкоўваюцца вуліцы і дамы, патанаюць у кветках падворкі. Таму невыпадкова словы ўдзячнасці адрасавалі жыхарам пасёлка, якія робяць яго квітнеючым і прыгожым.

Працягам афіцыйнай урачыстай часткі стаў канцэрт з удзелам самадзейных артыстаў і таленавітых людзей, на якіх, да слова, багатая шарашэўская зямля.

І, вядома, трэба аддаць належнае мясцовай уладзе, ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс», пагранзаставе №2, індывідуальным прадпрымальнікам, рамеснікам і ўсім тым, хто меў дачыненне да арганізацыі Дня пасёлка. Менавіта яны ў каторы раз падарылі жыхарам Шарашэва сапраўднае свята.

Марына Вакульская