Раённая пракуратура падтрымала ў судзе дзяржаўнае абвінавачванне па крымінальнай справе аб перавышэнні службовых паўнамоцтваў і падлогу.

Падчас судовага следства ўстаноўлена, што намеснік дырэктара па сельгасвытворчасці Д. і галоўны ветэрынарны ўрач Т. аднаго з аграпрамысловых прадпрыемстваў з 1 студзеня па 30 красавіка 2021 года сістэматычна давалі загадзя незаконныя ўказанні аб занясенні непраўдзівай інфармацыі ў акты аб выбыцці жывёл і справаздачы аб руху пагалоўя. Матыў — утойванне паморку 65 галоў маладняку БРЖ.
У адпаведнасці з іх указаннямі начальнік малочнатаварнай фермы М., а таксама загадчыкі Т. і Н. занеслі ў афіцыйныя дакументы свядома непраўдзівыя звесткі аб колькасці рэальна загінулага маладняку. Яны ж зрабілі фіктыўную выпіску аб выдачы мясной прадукцыі ў кошт выплаты заработнай платы падначаленым работнікам прадпрыемства.
Гэтыя дзеянні пацягнулі ўтойванне паморку сельгасжывёл на суму больш за 11 тысяч рублёў, а таксама прычыненне істотнага ўрону правам і законным інтарэсам шэрагу работнікаў прадпрыемства, з зарплат якіх утрымалі больш за 1 тысячу рублёў за нібыта выпісаную на іх прадукцыю ад забою маладняку.
Крымінальная справа разгледжана на выязным судовым пасяджэнні, якое прайшло на базе пацярпелага аграпрадпрыемства ў прысутнасці прадстаўнікоў заатэхнічнай і ветэрынарнай службаў сельгасарганізацый раёна, спецыялістаў райветстанцыі, а таксама ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.
З улікам прадстаўленых дзяржаўным абвінаваўцам доказаў суд раёна вынес абвінаваўчы прыгавор. На падставе ч. 2 арт. 426 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь абвінавачваным Д. і Т. прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 3 гады і 2 гады 6 месяцаў адпаведна з адтэрміноўкай яго выканання на 1 год са штрафам у памеры 300 базавых велічынь (9,6 тысячы руб лёў) з пазбаўленнем права займаць вызначаныя пасады на 5 гадоў. Пры гэтым на іх паводле ч. 4 арт. 77 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ускладзены абавязак у свабодны ад працы час выканаць грамадска карысныя работы ў аб’ёме 120 і 80 гадзін адпаведна.
Абвінавачваным М. і Т. на падставе ч. 1 арт. 427 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год 6 месяцаў і 1 год адпаведна з яго ўмоўным непрымяненнем. У сілу ч. 5 арт. 78 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь на іх ускладзены абавязак выплаціць у даход дзяржавы крымінальна-прававую кампенсацыю ў памеры 50 і 30 базавых велічынь.
На падставе ч. 1 арт. 427 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь абвінавачванай Н. прызначана пакаранне ў выглядзе выпраўленчых работ на тэрмін 1 год 6 месяцаў з утрыманнем з заробку 15 % на карысць дзяржавы, але не менш за адну базавую велічыню штомесяц.
Прыгавор яшчэ не ўступіў у законную сілу, ён можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.
Аляксандр Вярбіцкі, пракурор раёна
