Ружанцы скардзіліся дзяжурнаму карэспандэнту на недахоп у пасёлку кропак продажу мясной прадукцыі. Аднак цяпер яшчэ адзін такі магазін з‘явіўся ў самым цэнтры Ружан — на плошчы 17 Верасня.

Падчас наведвання гарадскога пасёлка журналісты ўбачылі, што ідзе рэканструкцыя будынка. Заказчыкам работ, як патлумачыла старшыня Ружанскага сельвыканкама Аксана Юркоўская, з’яўляецца Бярозаўскі мясакансервавы камбінат, які плануе ў хуткім часе (арыенціровачна — у другім квартале 2022 года) адкрыць тут фірменны магазін «Мясны свет» і кафетэрый.
Магазін складзе здаровую канкурэнцыю іншым мясцовым вытворцам і прадаўцам мясной прадукцыі.
Нагадаем, яна сёння прадаецца у ружанскай кулінарыі, ва ўніверсаме, там ёсць аддзел мясных паўфабрыкатаў, і ў гастраноме. Акрамя таго, у пасёлку працуе фірменны магазін «Пятруха», дзе заўсёды, акрамя кураціны, прадаецца і свініна, а таксама магазін «Мясны кошык».
Асобнай увагі заслугоўвае мясная прадукцыя ААТ «Ружаны-Агра», якую можна па даступных цэнах набыць у сталоўцы таварыства. Мясцовыя вытворцы першапачаткова зрабілі свой выбар на карысць якасці, а не колькасці прадукту.
— Таму прадукцыя нашых вытворцаў і карыстаецца попытам як у жыхароў, так і гасцей пасёлка, — кажа Аксана Уладзіміраўна. — Упэўнена, што па-ранейшаму яна застанецца па-за канкурэнцыяй. Але, безумоўна, яшчэ адзін магазін у Ружанах нікому не перашкодзіць. Кіраўніцтва камбіната абяцае прадставіць у нас шырокі асартымент прадукцыі: каўбасныя вырабы, мясныя паўфабрыкаты, кансервы, хлебабулачныя вырабы і нават корм для жывёл.
Алена Зялевіч. Фота Уладзіслава Шпарлы