Суббота, 5 октября 2024

У Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў адкрылася персанальная выстава Святланы Несцеравай

559

Расіянка Святлана Мікалаеўна прыехала ў Беларусь у 1986 годзе, можна сказаць, выпадкова, — у госці да знаёмых. Ёй тут вельмі спадабалася, так і вырашыла застацца ў Пружанах. Беларусь стала для яе другой радзімай. Цяпер Святлана Мікалаеўна жыве ў аг. Калядзічы, мае свой дом, гаспадарку, агарод. Вельмі любіць жывёл. І, на захапленне, усё паспявае.

З 35 гадоў жыцця ў Беларусі 16 адпрацавала начальнікам Пружанскай раённай станцыі хімізацыі і 2 гады – галоўным аграномам упраўлення сельскай гаспадаркі. Святлана Мікалаеўна, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, вядзе актыўны лад жыцця — любіць танцаваць, шмат чытае, атрымлівае асалоду ад паэзіі. Зараз яна кіруе клубам «Нам гады — не бяда» пры Пружанскім Палацы культуры, актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю ў ветэранскай арганізацыі
г. Пружаны.
Вышыўкай Святлана Мікалаеўна займаецца больш за 22 гады. Захапленне з часам перарасло ў хобі, вось такі занятак для душы. Многіх сябровак таксама далучае да гэтага віду мастацтва.
Самая першая вышытая работа майстрыхі — маленькая царква. Аднак і цяпер Святлана Мікалаеўна аддае перавагу карцінам рэлігійнай тэматыкі.

Само мастацтва вышыўкі існуе здаўна, як спосаб упрыгожвання прадметаў адзення і побыту. З часам у рукадзеллі пачалі выкарыстоўваць для больш багатага дэкору іншыя падручныя матэрыялы, у тым ліку і бісер.

На выставе «Іголкай як пэндзлем» прадстаўлена 25 работ. Карціны ручной работы вышыты на тканіне ў тэхніках «крыж»» і «бісер». І яны проста ўражваюць карпатлівасцю выканання… Сам від творчасці патрабуе асаблівых навыкаў, цярпення, спрыту і акуратнасці. Неабходнай умовай з’яўляюцца багатая фантазія і натхненне. І ўсім гэтым шчодра надзелена Святлана Несцерава.Спяшайцеся ўбачыць работы майстрыхі.

Алена Паляшчук,
малодшы навуковы супрацоўнік Ружанскага палацавага комплексу роду Сапегаў