Среда, 30 апреля 2025

У Ружанскай сярэдняй школе павіншавалі з 70-годдзем былога трэнера Анатолія Грынюка і далі пачатак новай спартыўнай традыцыі

375

4 лістапада ў Ружанскай сярэдняй школе імя Казіміра Марача было людна з самай раніцы. Ажыўленне панавала і ў спартыўнай зале. Спачатку прайшоў школьны турнір па валейболе сярод вучняў 7-10 класаў. А асноўныя спартыўныя баталіі разгарнуліся пасля 14 гадзін. Усе спартыўныя спаборніцтвы па валейболе былі прымеркаваны да 70-годдзя Анатолія Грынюка, якое адзначалася 31 кастрычніка.

І гэта невыпадкова. Анатолій Леанідавіч аддаў трэнерскай рабоце больш за трыццаць гадоў. Пасля заканчэння спартыўнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута ў 1990 годзе ён пачаў спартыўную кар’еру трэнера. І толькі ў жніўні сёлетняга года пакінуў гэтую пасаду. «Са спортам па жыцці», — так можна сказаць пра гэтага чалавека. Не адно пакаленне юных спартсменаў падрыхтаваў трэнер. Яго выхаванцы паказвалі выдатныя вынікі не толькі ў раёне, але і ў вобласці і рэспубліцы. Вельмі прыемна, што ў гэты дзень многія з іх завіталі ў школу, каб павіншаваць свайго настаўніка.

Віншаванні з нагоды юбілею Анатолій Леанідавіч прымаў у гэты дзень ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Мікалая Кудраўца, які ўручыў юбіляру Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў. Дырэктар філіяла Пружанскага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба «Мухавец» Вікторыя Шаманава ўручыла Грамату галоўнага ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Павіншавала ветэрана спорту і ўручыла падарунак таксама старшыня Ружанскага сельвыканкама Аксана Юркоўская.

Не маглі не павіншаваць трэнера і яго выхаванцы. Сярод іх былі і тыя, з кім А.Л. Грынюк пачынаў сваю спартыўную кар’еру: В.С. Сарока (Рацэвіч), І.А. Сарока, Г.С. Бурко (Рацэвіч), М.Я. Макарэвіч.
Затым адбыўся турнір, у якім прынялі ўдзел пяць каманд: «Ружаны-1», «Ружаны-2 U-18», УАЗ ПАПБ «Магілёўцы», «Пружаны-1», «Пружаны-2 U-16».

У выніку напружанай барацьбы перамогу атрымала каманда «Пружаны-1». Другое і трэцяе месцы — адпаведна «Ружаны-1» і «Ружаны-2 U-18». Усе прызёры атрымалі медалі і дыпломы, а таксама салодкія прызы. Лепшым гульцом турніру стаў Барыс Кулагін («Пружаны-1»).

Ініцыятарам і арганізатарам імпрэзы выступіў настаўнік фізічнай культуры і здароўя школы І.М. Астапчык, а фундатарамі турніру — Ружанскі сельскі Савет дэпутатаў і ААТ «Ружаны-Агра».

Удзельнікі турніру, балельшчыкі і госці атрымалі зарад пазітыўных эмоцый. Спартыўны запал, які панаваў на пляцоўцы, нікога не пакінуў абыякавым.

Вырашана праводзіць турнір на кубак па валейболе імя А.Л. Грынюка штогод у лістападзе. Такім чынам, 4 лістапада ў школе з’явілася новая спартыўная традыцыя. Спадзяёмся, што ў наступным годзе на турнір збярэцца яшчэ больш аматараў валейбола.

Вера Наумік, педагог-арганізатар Ружанскай сярэдняй школы імя Казіміра Марача