Валанцёрскі накірунак сёння асабліва папулярны сярод моладзі. Варта ўспомніць хаця б другія Еўрапейскія гульні, падчас якіх сотні школьнікаў і студэнтаў у каляровай форме сустракалі самалёты са спартсменамі, дапамагалі ім, знаёмілі замежных гасцей з Беларуссю. Пашчасціла стаць добраахвотнікам на гульнях і мне.
Падлеткі Ружанскай СШ валанцёрамі такога маштабнага мерапрыемства пакуль не былі, затое стараюцца рабіць добрыя справы для сваіх землякоў.
Валанцёрскі рух у ружанскай школе, паводле слоў сацыяльнага педагога Алы Стасюкевіч, пачалі развіваць гадоў пяць таму. Ініцыятарамі сталі самі падлеткі: хлопцы і дзяўчаты проста хацелі быць карыснымі для школы і роднага пасёлка.
Адміністрацыя навучальнай установы прапанову падтрымала, а моладзь доўга чакаць не прымусіла. У пацверджанне Ала Генадзьеўна дэманструе архіўныя фота. На іх адлюстравана дапамога пажылым людзям, прафілактычныя акцыі, наведванне хворых, арганізацыя ранішнікаў для дзяцей-інвалідаў…
Зараз у валанцёрскім атрадзе «Добрае сэрца», які дзейнічае пад эгідай таварыства Чырвонага Крыжа, налічваецца шэсць чалавек — вучні 13-15 гадоў. «Гэта дзеці, якія заўсёды дапамогуць», — кажа Ала Стасюкевіч. Па словах жанчыны, нярэдка самі школьнікі прапаноў-ваюць тыя ці іншыя акцыі, арыгінальныя мерапрыемствы.
Адно з іх і заспелі мы падчас візіту ў школу. Акцыя называлася «Наркотыкі пад забаронай» і была прысвечана прафілактыцы наркаманіі сярод моладзі. Валанцёры раздавалі аднакласнікам і іншым вучням школы прафілактычныя лістоўкі, расказвалі пра небяспеку розных залежнасцей.
Яшчэ адну з нядаўніх акцый прысвяцілі праблеме дамашняга насілля. Вучні Ружанскай СШ выйшлі на вуліцы пасёлка, уручалі буклеты сустрэчным людзям, а таксама завязвалі на іх руцэ сінюю стужачку — сімвал барацьбы з жорсткасцю ў дачыненні да дзяцей.
Валанцёры ўпэўнены, што дабрыня і ўзаемадапамога — найважнейшыя якасці, развіваць якія ў сабе павінен кожны чалавек. У сваю чаргу, Ала Генадзьеўна выказвае спадзяванне, што жаданне быць карыснымі нават малазнаёмым людзям сённяшнія падлеткі пранясуць праз усё жыццё.
Уладзіслаў Шпарла