У вядомым далёка за межамі Беларусі spa-курорце цяпер можна не толькі зрабіць падзарадку душы і цела, але і зарадзіць энергіяй свой электратранспарт.
Пра гэтую сапраўдную жамчужыну Беларусі можна расказваць бясконца, а каб толькі бегла агледзець усё, што прапануе санаторый “Ружанскі”, трэба не адна гадзіна. Сапраўдным акумулятарам гэтай здраўніцы, натхняльнікам, генератарам ідэй з’яўляецца дырэктар Уладзімір Карпечкін. Вось у каго трэба павучыцца талковаму менеджменту, прафесіяналізму, крэатыву, падсілкавацца энергіяй, якая ў гэтага чалавека ажно кіпіць.
Пабываць у шырока вядомай здраўніцы, а гэта цяпер яшчэ і рэабілітацыйны цэнтр, я хацеў даўно. Калі першы раз убачыў ролікі пра яго па тэлебачанні (даволі цікава пабудавана рэклама), адразу захацеў прыехаць сюды і не толькі атрымаць лячэнне і добра адпачыць, але і пазнаёміцца з тымі, хто гэта ўсё робіць.
І вось другая частка маёй мары ажыццявілася. Разам з намеснікам старшыні райвыканкама Русланам Супрыновічам і галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Сяргеем Дзямідавым мы пабывалі ў «Ружанскім». Руслан Васільевіч і Сяргей Юр‘евіч сустракаліся з калектывам санаторыя. Для мяне ж стала магчымым агледзець комплекс, азнаёміцца з тымі паслугамі, які ён прапануе адпачываючым. Дарэчы, пастаяннымі наведвальнікамі тут сталі не толькі беларусы, але і расіяне, украінцы, прыбалты. Не пакрыўлю душой, калі скажу: не варта ехаць у экзатычныя краіны, каб добра адпачыць і атрымаць неабходнае лячэнне, прайсці дыягностыку. Усё гэта маем пад бокам.
А якое тут свежае, насычанае хваёвым водарам паветра! Побач з комплексам – возера с чыстай вадой, дзе зімой, калі ёсць лёд, можна пакатацца на каньках, у іншыя поры года – на лодках, катамаранах… Тут жа мангалы, прылады для барбекю і ўсё іншае для актыўнага адпачынку на ўлонні прыроды.
Пра ўсё, што вышэй пералічыў, нам расказала начальнік службы прыёму і размяшчэння, сэрвісу Ірына Віткоўская. І не толькі расказала. Ірына Альбертаўна правяла нас па прыгожых сучасных карпусах санаторыя (для гэтага не трэба нават выходзіць на вуліцу, усе будынкі злучаны цёплымі пераходамі. Насустрач трапляліся адпачываючыя, якія толькі пабывалі ў лазні або басейне, праходзілі розныя працэдуры, якіх тут, паверце, шмат для ўсіх разам і кожнага паасобку. Немалаважная акалічнасць, што ў санаторый можна прыязджаць усёй сям‘ёй: для дзяцей і заняткі, і лячэнне таксама прадугледжаны.
Пра ўсё ў адным матэрыяле расказаць немагчыма, мы яшчэ будзем вяртацца да тэмы аздараўлення. А вось пра адзіную ў гэтай мясцовасці электразаправачную станцыю раскажу.
Ідэя адкрыць першую ў Пружанскім раёне электразапраўку ўзнікла у дырэктара Уладзіміра Карпечкіна і вядучага інжынера санаторыя Паўла Хвядчэні. Дбайны гаспадар курорта клапоціцца аб зручнасцях усіх катэгорый адпачываючых. А ў апошні час усё больш людзей набываюць электрамабілі, на іх прыязджаюць у санаторый на лячэнне і ў туры выхаднога дня. Узнікаюць праблемы з падзарадкай. Таму і з’явілася тут станцыя.
Як расказаў Павел Міхайлавіч, устаноўка магутнасцю ў 11 кВт разлічана на поўную васьмігадзінную запраўку аднаго электрамабіля, але, як аказалася, большасць карыстальнікаў свае аўто толькі падзараджае, пакуль на працягу некалькіх гадзін прымае працэдуры. Зручна? Вельмі зручна! Розныя пераходнікі разлічаны на асабістыя раз’ёмы розных мадэляў. Тут нават можна падзарадзіць электравеласіпед.
Усё на карысць спажыўцоў. Па гэтым прынцыпе ў «Ружанскім» працуюць усе, ад дырэктара да простага рабочага.
Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік
Больш фотаздымкаў санаторыя тут: https://vk.com/album-23306785_282265909