Суббота, 24 мая 2025

У Рудніках прайшоў раённы этап «Арляня-2024»

471

Напрыканцы мінулага тыдня на базе Цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства ў аг. Руднікі ў форме двухдзённых збораў прайшоў раённы этап ваенна-патрыятычнай гульні «Арляня-2024».

У спаборніцтвах патрыятычнага характару прынялі ўдзел 12 каманд са школ раёна. Сярод іх былі як «ветэраны» падобных чэмпіянатаў, так і навічкі, якія ўпершыню паспрабавалі свае сілы ў розных намінацыях.

Падлеткі спаборнічалі ў арыентаванні на мясцовасці «Час каманды», дэманстравалі лепшую страявую падрыхтоўку і ўменне выконваць маршавыя песні «Кожны з нас ў страі!», вызначалі самых трапных у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі «Трапны стралок», самых разумных у інтэлектуальным квіз-турніры «Памятаем пра мінулае, ганарымся цяперашнім, думаем пра будучыню!», самых таленавітых у конкурсе «Баявы лісток», а таксама ў рухомых гульнях «Мужнасць! Адвага! Гонар!».

Кожнае спаборніцтва вызначала сваіх лідараў. У прыватнасці, лепш за іншых прамаршыравалі і гучна выканалі запеўку «арляняты» з СШ № 3, якія па прызавых балах абышлі сапернікаў з СШ № 5, Хараўской і Параслянскай школ. Тыя ж школьнікі на этапе «Час каманды» зноў заваявалі «золата», апярэдзіўшы каманды з Клепачоў і СШ № 5. У інтэлектуальных спаборніцтвах высокую тэарэтычную падрыхтоўку паказалі гімназісты разам з прадстаўнікамі Ліноўскай СШ. Па трапнасці зноў на верхнюю прыступку п’едэстала ўзняліся падлеткі з трэцяй гарадской, якія не пакінулі шанцаў на перамогу іншым (крыху ніжэйшыя вынікі паказалі каманды з СШ № 4 і аг. Клепачы). На этапе «Мужнасць! Адвага! Гонар» лепшымі былі прызнаны «арляняты» з Ліноўскай школы, СШ №4 і Кляпацкай школы, якія адпаведна і занялі першае, другое і трэцяе месцы.

Варта дадаць, што выніковае вызначэнне лідараў ваенна-патрыятычнай гульні «Арляня-2024» улічвала найменшую колькасць набраных балаў. Такім чынам, безумоўны пераможца раённага этапу — каманда СШ № 3 з 14-цю набранымі баламі заваявала «золата» спаборніцтваў. На другім і трэцім месцах каманды Кляпацкай СШ (20 балаў) і СШ № 5 (22,5 бала).

Алег Сідарэнка