Канікулы — гэта насычаны, карысны, цікавы і проста любімы час для ўсіх дзяцей. Установы адукацыі раёна прапануюць вучням шэраг разнастайных мерапрыемстваў, каб падчас «заслужанага адпачынку» школьнікі не сумавалі і мелі магчымасць акунуцца ў захапляльныя падзеі.
Напэўна, любімым відам адпачынку ў дзяцей лічацца экскурсіі. Магчымасць зазірнуць у нетры старога музея або замка, даведацца пра таямнічыя паданні і легенды, пазнаёміцца з іншымі людзьмі і мясцінамі… Вось чаму школьныя падарожжы традыцыйна збіраюць шмат жадаючых.
Спазнаваць значнасць гісторыка-культурных каштоўнасцей нашай краіны, безумоўна, важна і карысна. Але апроч іншага, настаўнікі нашых школ арганізоўваюць і экскурсіі ў розныя ўстановы, на прадпрыемствы, каб вучні маглі прыадкрыць для сябе таямніцы вытворчасці.
«Раённыя будні» не сталі выключэннем. У першы тыдзень лістапада да нас на экскурсію завіталі вучні сярэдняй школы №1.
Што зрабіць, каб малыя лепш зразумелі сутнасць прафесіі журналіста, даведаліся, які шлях праходзіць газета да чытача? Мы прапанавалі дзецям прымерыць на сябе ролі работнікаў нашай рэдакцыі і такім чынам даведацца, чым жа яны займаюцца. Для школьнікаў была падрыхтавана квэст-гульня «Падарожжа па рэдакцыі». Такія формы работы асабліва падабаюцца дзецям, надоўга застаюцца ў памяці.
На розных этапах квэсту нашы маленькія госці выконвалі розныя заданні, за што атрымлівалі літары і магчымасць рухацца далей. Трэба адзначыць, што многія дзеткі прыйшлі са сваімі нататнікамі і старанна запісвалі ўсё, што ім расказвалі. Малыя пазнаёміліся не толькі з журналістамі, але і адказным сакратаром, аператарамі набору і вёрсткі, карэктарам, бухгалтарамі і, канешне ж, з галоўным рэдактарам.
‘Падчас свайго падарожжа дзеці высветлілі асаблівасці кожнай з пералічаных пасад, зразумелі, за што канкрэтна адказвае той ці іншы спецыяліст, вызначылі, як рыхтуецца газета, ну і, канешне, стварылі ўласную старонку «Раённых будняў».
А з заслужана атрыманых літар пачаткоўцы склалі слова «газета», чым і завяршылі квэст-гульню.
Потым госці парадавалі работнікаў рэдакцыі прыгожымі вершамі і малюнкамі, прысвечанымі роднаму гораду. Напрыканцы мерапрыемства кожны з малых атрымаў памятныя падарункі: цукеркі, канцылярскія тавары, налепкі з лагатыпам «Раённых будняў».
Вельмі парадавала, што адзін з нашых маленькіх гасцей на развітанне сказаў: «Я абавязкова вярнуся сюды на працу!».
Юлія Янушка. Фота Уладзіслава Шпарлы