Пятница, 7 ноября 2025

У рамках акцыі «У школу — з «Белай Руссю» падарункі прымала шматдзетная сям’я Адаська з Пружан

510

Напярэдадні Дня ведаў РГА «Белая Русь» традыцыйна праводзіць акцыю «У школу — з «Белай Руссю».

Старшыня раённага аддзялення РГА «Белая Русь» Таццяна Кашкан разам з намеснікам старшыні райвыканкама Русланам Супрыновічам наведалі шматдзетную сям’ю Адаська. Уладзіслаў, Мілана і Кірыл у гэтай сям‘і — школьнікі. Евангеліна і самы маленькі Давід — выхаванцы дзіцячага садка. Старэйшыя Сабрына і Данііл — навучэнцы медыцынскага і будаўнічага каледжаў адпаведна.

Як мама Алена Уладзіміраўна, так і ўсе дзеці з радасцю сустракалі гасцей. Тыя ж, у сваю чаргу, з задавальненнем уручылі падарункі, якія так спатрэбяцца падчас навучання ў школе. Самыя малодшыя таксама не засталіся без сюрпрызаў. Вы б бачылі, як свяціліся радасцю вачаняты малодшых! Старэйшыя хоць крыху і саромеліся, але таксама адчувалася павага да візітоўцаў за ўвагу да іх вялікай і дружнай сям’і.

Як сказаў, звяртаючыся да дзяцей Руслан Васільевіч, самае галоўнае, каб усе добра вучыліся, былі здаровымі і раслі сапраўднымі грамадзянамі Беларусі. А старэйшым пажадаў, каб пасля навучання ў каледжах вярнуліся назад у родны раён і прыносілі тут, на малой радзіме, карысць.

Таццяна Канстанцінаўна ад імя ўсіх членаў грамадскага аб’яднання пажадала сям’і Адаська дабрабыту, поспехаў, выказала спадзяванне, што брацікі і сястрычкі заўсёды будуць дапамагаць адзін аднаму.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік