Напрыканцы мінулага тыдня старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік правялі сустрэчу з калектывам УАЗ «Пружанская цэнтральная раённая бальніца».
Гэтая сустрэча прайшла ў рамках адзінага дня інфармавання. Вядома, што на такога роду мерапрыемствах акцэнт робіцца на дыялог з прысутнымі. Кіраўніцтва раёна ставіць мэту не толькі праінфармаваць аб значнай падзеі, якая адбылася ці мае адбыцца ў жыцці краіны, але і даведацца пра надзённыя праблемы, выслухаць прапановы і заўвагі, адказаць на пытанні ўдзельнікаў сустрэчы.
Так работа ставілася і ў гэты дзень. Галоўны ўрач установы аховы здароўя Юрый Юзько даў слова Мікалаю Кудраўцу, які быў непасрэдным удзельнікам падчас Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь беларускаму народу і парламенту. Мікалай Пятровіч спыніўся тэзісна на асноўных момантах выступлення Аляксандра Лукашэнкі. А гэта незалежнасць нашай краіны, яе абарона ад знешніх пагроз, умацаванне ролі сям’і, патрыятычнае выхаванне моладзі і інш. Старшыня раённага Савета дэпутатаў выказаў свае думкі наконт таго, як агучанае ў Пасланні трэба рэалізоўваць.
Міхаіл Грышкевіч падтрымаў дакладчыка ў важнасці Паслання, умацаванні тых каштоўнасцей, якія характарызуюць беларускае грамадства: працавітасць, памяркоўнасць, міралюбнасць, захаванне гістарычнай памяці, патрыятызм. А яшчэ Міхаіл Міхайлавіч расказаў, што зроблена і будзе рабіцца для таго, каб непасрэдна Пружаншчына ўмацоўвалася як эканамічна, так і ў плане дабрабыту, добраўпарадкавання і інш. Кіраўнік раёна нагадаў, што ідзе падрыхтоўка для святкавання важных для ўсіх падзей: Дня Вялікай Перамогі, Дня Незалежнасці і 590-годдзя ўтварэння Пружан. Кожны жыхар раёна павінен унесці свой уклад, каб сустрэць гэтыя святы дастойна, навесці парадак на зямлі, у сваім двары, на рабочым месцы.
Напрыканцы Міхаіл Грышкевіч адказаў на шматлікія пытанні прысутных, выслухаў заўвагі, прапановы. Яны традыцыйна тычыліся дарог, добраўпарадкавання месцаў адпачынку, занятасці моладзі, умацавання медыцыны. Пытанні, якія патрабуюць дэталёвага вывучэння, былі ўзяты, як кажуць, на карандаш. Па большасці былі атрыманы адказы на месцы.
Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара