Понедельник, 16 сентября 2024

У райвыканкаме падвялі вынікі 2022-га і абазначылі планы на новы год

483

Сумеснае пасяджэнне 41 сесіі раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта прайшло 27 снежня.

На гэтым важным для сектара эканомікі наступнага года пасяджэнні разглядаліся тры асноўныя пытанні: «Аб праекце прагноза сацыяльна-эканамічнага развіцця Пружанскага раёна на 2023 год», «Аб праекце раённага бюджэта на 2023 год», «Аб плане работы Пружанскага раённага выканаўчага камітэта на 2023 год». Гэтыя пытанні агучыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец.

Па першым пытанні з дакладам, які мы апублікуем у бліжэйшых нумарах газеты, выступіла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Ханавец.

Каменціруючы даклад, старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч акцэнтаваў увагу на развіцці сектара эканомікі з боку індывідуальных прадпрымальнікаў, якія не асабліва ініцыятыўныя, маларазваротлівыя. Немалыя фінасавыя патокі адпраўляюцца ў суседнія раёны, напрыклад, Кобрынскі, Бярозаўскі. Туды едуць пружанцы, каб набыць аддзенне, абутак. Чаму не зрабіць так, каб грошы заставаліся ў нас? Цэлая ніша прамысловай групы тавараў у Пружанах не запоўнена.

Міхаіл Міхайлавіч даў даручэнне прапрацаваць гэтае пытанне з прадпрымальнікамі, высветліць, чаго не хапае, каб адкрыць у Пружанах гандлёвыя кропкі з якасным адзеннем, абуткам.

Як канстатаваў кіраўнік раённай вертыкалі ўлады, на Пружаншчыне павінны стварацца рабочыя месцы. Не патрэбны вялікія прадпрыемствы: дастаткова, калі будуць на 10-30 чалавек працуючых. Але павінна быць дзейсная вытворчасць з дастойнай заработнай платай. Не з такой, як на некаторых аб’ектах камунальнай, кааператыўнай уласнасці. Іх кіраўнікі павінны зрабіць усё магчымае разам са сваімі калектывамі, каб выправіць падобнае становішча. Таму ўвесь 2023 год давядзецца зладжана, арганізавана, канструктыўна працаваць.

Мікалай Кудравец расказаў, што на сумесным пасяджэнні Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў і абласнога выканаўчага камітэта прыняты прагнозныя паказчыкі на 2023 год. Па Пружанскім раёне яны не перавышаюць сярэднеабласныя. Яны выконваемыя, толькі нам самім трэба да гэтага прыкласці намаганні. Некаторыя кіраўнікі ўздымаюць пытанне аб адсутнасці чалавечых рэсурсаў. Але ж у камісіі па садзейнічанні занятасці ёсць інфармацыя пра тое, што ў сярэднім 2,8 тысячы пружанцаў не заняты ў эканоміцы раёна. Гэта гаворыць аб тым, што чалавечых рэсурсаў у нас хапае, але з імі трэба працаваць.

Мікалай Пятровіч прапанаваў азнаёміцца з праектам рашэння па першым пытанні. У ім устаноўлены індыкатыўныя, ключавыя паказчыкі на 2023 год, дадзены шэраг даручэнняў кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый, структурным падраздзяленням і намеснікам старшыні райвыканкама. Па праекце рашэння заўваг не было. Дэпутаты прагаласавалі за яго прыняцце.

Па другім пытанні выступіла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Наталля Красоўская. Даклад Наталлі Мікалаеўны будзе таксама апублікаваны ў бліжэйшых нумарах раёнкі.

Міхаіл Грышкевіч пакрытыкаваў некаторыя пункты праекта фінансавага бюджэту, у тым ліку аб выдзяленні сродкаў на бягучы рамонт. Яны невялікія, у той час — як рамантаваць таму ж самаму КУВП «Камунальнік» ёсць што. Праект рашэння дэпутатамі райсавета і па гэтым пытанні быў прыняты.

Аб плане работы Пружанскага райвыканкама на 2023 год дакладвала начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Наталля Зеляняк. Праект рашэння быў таксама прыняты аднагалосна.
Затым былі разгледжаны бягучыя пытанні сесіі, тычыліся яны паправак у рознага кшалту рашэнні, якія прымаліся ў гэтым і мінулых гадах.

Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара