
У рамках рэспубліканскай акцыі «За бяспеку разам»
у райвыканкаме адбылася сустрэча работнікаў экстранных і наглядных службаў з прадстаўнікамі духавенства
наконт прафілактыкі надзвычайных сітуацый і павышэння ўзроўню бяспекі на прыходскіх тэрыторыях.

Мерапрыемства адкрыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Таццяна Гаманчук. У сваім прывітальным слове яна падкрэсліла, што асноўная мэта акцыі — папярэдзіць магчымыя пажары і мінімізаваць рызыку гібелі людзей. Таццяна Юр’еўна заклікала ўдзельнікаў падзеі актыўна задаваць пытанні спікерам, каб гэтая сустрэча стала максімальна прадуктыўнай.
Начальнік раённай энергагазінспекцыі Жанна Казмярчук адзначыла, што ў дадзены момант асаблівая ўвага надаецца стану электраўстановак у цэрквах. Яна падрабязна расказала аб патрабаваннях да электрабяспекі, падкрэсліўшы, што рэгулярная праверка і своечасовае выпраўленне няспраўнасцяў — спосаб папярэджання трагедый.
Прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях нагадалі аб наяўнасці сродкаў пажаратушэння ў дамах і прыходах. Былі агучаны і асноўныя ў цяперашні час прычыны ўзгаранняў: неасцярожнае курэнне, няспраўнасці ацяпляльных печак, дзіцячыя свавольствы і іншыя…
У сваю чаргу, галоўны інжынер Пружанскага раёна газазабеспячэння Аляксей Шылаў спыніўся на газіфікацыі домаўладанняў і храмаў. Ён падкрэсліў, што любыя няспраўнасці, звязаныя з газам, павінны выпраўляцца неадкладна, бо іх ігнараванне можа прывесці да трагічных наступстваў.
Усе выступоўцы адзначылі: бяспека — гэта не толькі справа службаў, але і абавязак кожнага. Падчас мерапрыемства прадстаўнікі духавенства атрымалі ад спікераў паўнавартасныя адказы на ўсе свае пытанні, а сама сустрэча стала важным крокам да ўмацавання культуры бяспекі.
Руслан Басак
Фота аўтара
