Четверг, 19 июня 2025

У райвыканкаме абмеркавалі вынікі работы галіны жывёлагадоўлі Пружаншчыны

232

На чарговым пасяджэнні райвыканкама, якое праходзіла 13 ліпеня, разгледзелі пытанне «Аб выніках работы галіны жывёлагадоўлі ў сельскагаспадарчых арганізацыях Пружанскага раёна за першае паўгоддзе 2023 года».

Адзначым, што ў плане арганізацыі работы па ўзнаўленні статка, захаванасці буйной рагатай жывёлы і прыняцці дадатковых мер па ўдасканаленні племянной работы ўсе прадпрыемствы сельгасгаліны, адпаведныя спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама спрацавалі недастаткова.

На пасяджэнні было дадзена даручэнне прадстаўнікам дзяржавы ў назіральных саветах адкрытых акцыянерных таварыстваў па выніках паўгоддзя ініцыяваць на пазачарговых пасяджэннях пытанне аб прыцягненні ва ўстаноўленым парадку да дысцыплінарнай адказнасці кіраўнікоў ААТ «Агра-Калядзічы», ААТ «Ружаны-Агра», ААТ «Пружанскае», ААТ «Шані-аграпрадукт», ААТ «Жураўлінае», ААТ «Радзіма», ААТ «Ліноўскае». Ім жа, у сваю чаргу, даручана прыцягнуць да адказнасці спецыялістаў, якія не змаглі забяспечыць належную работу жывёлагадоўчай галіны.

Былі дадзены даручэнні кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў раёна пад асабістую адказнасць правесці шэраг арганізацыйных работ, каб у далейшым не дапусціць паўтарэння акрэсленых недапрацовак.

Як вядома, Пружаншчына — сельскагаспадарчы раён, арыентаваны ў асноўным на вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі. Менавіта нашы гаспадаркі ўносяць даволі важкі ўклад у забеспячэнне малаком і мясам не толькі Брэсцкай вобласці, але і краіны ў цэлым. Калі б яшчэ не тыя промахі, пра якія ішла размова на пасяджэнні райвыканкама, то гэты ўклад быў бы яшчэ больш важкім. Трэба задумацца пра гэта і выпраўляць сітуацыю ўсім.

Віктар Ільюшчанка