Віншаваць жанчын, якія толькі што сталі мамамі, прама ў радзільным аддзяленні — добрая традыцыя. Нагоды для візіту гасцей — прадстаўнікоў улады і грамадскіх арганізацый — бываюць розныя: Дзень Незалежнасці, Міжнародны дзень міру… Але асабліва сімвалічна, калі павышаная ўвага пацыенткам раддома ўдзяляецца ў Дзень маці.
Сёлетні год не стаў выключэннем: з нараджэннем дзяцей — асаблівай падзеяй у жыцці жанчыны — павіншавалі маладых мам начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Н.Р.Цібароўская і сакратар раённага аддзялення Фонду міру В.І.Матвіенка. Лейтматывам прамоў, якія госці адрасавалі мамам, сталі прапісныя, але ад гэтага не менш важныя, ісціны: жанчына — сімвал міру, спакою і, вядома, жыцця.
Цёплымі словамі не абдзялілі і медработніц аддзялення, якія дапамагаюць з’явіцца на свет немаўлятам.
Дарэчы, у верасні ўпершыню за апошнія некалькі гадоў у нашым раёне нараджальнасць перавысіла смяротнасць: за мінулы месяц толькі пружанскія медыкі прынялі каля 200 родаў.
Напярэдадні Дня маці і ў само свята дэмаграфічную сітуацыю ў раёне палепшылі пяць жанчын: С.А.Наумавец і І.М.Балкунова з Пружан, К.С.Стрэльчык з Шарашова, В.А.Аўдзейчык з Дабучына, Л.К.Казмярчук з Чапялёў. І падарункі, і ўвага з боку грамадскасці сталі для іх, канешне, прыемнай нечаканасцю.
Усяго 14 кастрычніка ў радзільным аддзяленні знаходзіліся 24 пацыенткі, большасць з якіх таксама хутка спазнала радасць мацярынства.
На здымках:
Маладыя мамы прымаюць віншаванні. Святлана Наумавец з нованароджанай дачушкай. Гэта не першае дзіця: сям’я з Пружан ужо выхоўвае шасцігадовага сына.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ