Суббота, 24 мая 2025

У Пружанскім РГЗ абмяркоўвалі, як зрабіць працу бяспечнай (+многа фота)

316

У рамках Тыдня нулявога траўматызму ў Пружанскім раёне газазабеспячэння прайшоў семінар па тэматыцы «Стварэнне здаровых і бяспечных умоў працы. Прафілактыка вытворчага траўматызму». Трэба адзначыць, што мерапрыемства было наладжана шматвектарным і закранула ўсе адпаведныя пытанні.

Семінар быў падзелены на дзве часткі — практычную і тэарэтычную. Падчас першай галоўны інжынер арганізацыі Вадзім Прыпутневіч правёў экскурсію па прадпрыемстве з дэманстрацыяй створанай сістэмы бяспекі. Яна ўключае ў сябе не толькі кантроль (дарэчы, наладжаны на даволі высокім, нават праграмным узроўні, з выкарыстаннем электронных прыбораў чыпавання і візуалізацыі). У дадатак да яго на асноўнай базе газавай службы, як і ў астатніх падраздзяленнях, увага надаецца і стварэнню належных умоў працы.

Каб работнік меў магчымасць памяняць адзенне з паўсядзённага на спецвопратку, падсушыць пры неабходнасці сваю форму, прыняць ежу і адпачыць у час перапынку.

Тэрыторыя базы прамаркіравана разметкай і знакамі, каб пазбегнуць хаатычнага руху людзей і тэхнікі, а значыць, знізіць рызыку магчымага сутыкнення. Словам, сістэма «антытраўматызму» наладжана такім чынам, што работнік з першых мінут працы знаходзіцца пад кантролем, задача якога — папярэдзіць няшчасныя выпадкі, якія могуць здарыцца як з самім парушальнікам, так і па віне яго з іншымі. Пры гэтым сістэма дзейнічае не толькі стацыянарна, але і на выездах аператыўна-аварыйных брыгад.

Тэарэтычная частка таксама была насычанай. Адкрыў яе начальнік РГЗ Анатолій Рахавецкі. Кіраўнік спыніўся на тых аб’ёмах работ, што даводзіцца штомесяц асвойваць пружанскім газавікам. У выніку чаго бескампрамісная сістэма бяспекі поўнасцю апраўдана, што пацвярджаецца вынікамі. У прыватнасці, каб перавесці навучанне ў навыкі, вырашана разам з бэйджам кожнаму работніку выдаць спецыяльную памятку аб правілах «нулявога траўматызму».

— А наша безаварыйная работа дазваляе забяспечваць бесперапынную працу сотняў пружанскіх арганізацый і камфорт тысяч людзей, — падкрэсліў Анатолій Георгіевіч.

На бяспецы грамадзян завастрыла ўвагу прысутных старшы інспектар групы прапаганды райаддзела па надзвычайных сітуацыях Іна Хаваўка. Акрамя выступленняў запрошаных на семінар гасцей і непасрэдных адказных спецыялістаў арганізацыі, была праведзена і тэматычная віктарына на веданне правілаў аховы працы. Пры падвядзенні яе вынікаў лепшыя знаўцы атрымалі каштоўныя падарункі.

Не менш цікавай стала дэманстрацыя прадукцыі ТАА «Уніформа», якое дзейнічае ў Шчарчове і выпускае спецвопратку і спецабутак. Новыя мадэлі, а таксама магчымасці прадпрыемства былі прэзентаваны на манекенах і падчас відэапрэзентацыі.

Іна Пацяюк, вядучы інжынер па ахове працы ВУ «Кобрынгаз»

Фота Кацярыны Масік

Больш фотаздымкаў глядзіце ў альбоме: https://ok.ru/budni/album/969777412232