Па стане на чацвер у Пружанскім раёне атрымала прышчэпку ад каранавіруснай інфекцыі 20,4% насельніцтва.
Сітуацыя з захворваннем на каранавірус у Беларусі застаецца трывожнай. Маніторынгі, якія праводзяцца беларускімі і замежнымі спецыялістамі падчас наведвання кавідных аддзяленняў, паказваюць, што цячэнне захворвання стала больш цяжкім, у прыватнасці, павялічылася патрэба хворых у кіслародатэрапіі. Аднак у большасці бальніц, у тым ліку і Пружанскай, сярод цяжкіх пацыентаў няма тых, хто быў вакцыніраваны.
— Таму у нашым раёне, як і ва ўсёй краіне, працягваецца актыўная кампанія па вакцынацыі насельніцтва, — кажа загадчыца аддзялення агульнаўрачэбнай практыкі Жанна Жанаўна Ісакава і ў чарговы раз паўтарае для чытачоў самыя важныя моманты вакцынацыі.
— Памятайце пра тое, што чым больш людзей будзе мець імунітэт да віруса, тым хутчэй ён перастане цыркуляваць у чалавечай папуляцыі.
Вакцынацыя не забаронена асобам, якія ўжо перанеслі каранавірусную інфекцыю, аднак у такім выпадку рэкамендуецца адкласці яе на 3-6 месяцаў пасля папраўкі.
Тэст на каранавірус перад прышчэпкай здаваць неабавязкова, паколькі вакцынацыя пры бессімптомнай форме інфекцыі не прынясе шкоды здароўю.
Сёння пружанскія медыкі выкарыстоўваюць тры віды вакцын, якія ўжо даказалі сваю бяспеку і супраць цяжкіх формаў хваробы працуюць на ўсе 100%. Гэта кітайская вакцына “Vero Cell”, а таксама вакцыны “Спадарожнік V” і “Спадарожнік Лайт” расійскай вытворчасці. Апошняя, дарэчы, аднакампанентная і прызначана для вакцынацыі пацыентаў пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі, рэвакцынацыі (паўторнай вакцынацыі), а таксама моладзі. Медыкі плануюць, у першую чаргу, правесці ёю вакцынацыю навучэнцаў аграрна-тэхнічнага каледжа.
Увогуле ні адна з трох пералічаных вакцын не ўтрымлівае жывыя вірусы, якія выклікаюць COVID-19, таму заразіцца і захварэць ад іх немагчыма. Безумоўна, вакцыны, як і ўсе лекавыя прэпараты, могуць выклікаць пэўныя пабочныя эфекты, але верагоднасць пацярпець ад захворвання значна вышэй, чым ад дзеяння вакцыны.
Улічваючы, што пасля ўвядзення першай дозы вакцыны арганізму патрабуецца час для выпрацоўкі спецыфічнага імунітэту, можна заразіцца вірусам у дні пасля вакцынацыі. Паўнавартасная абарона фарміруецца ў 92% прышчэпленых прыкладна праз 21 дзень пасля ўвядзення другога кампанента вакцыны.
Вакцыны, якія прымяняюцца ў нашай краіне, забяспечваюць утварэнне антыцел і клеткавы імунітэт у дачыненні да каранавіруса. Акрамя таго, вакцынацыя вядзе да выпрацоўкі эфектыўнай і працяглай імуналагічнай памяці, якая забяспечвае абарону ад інфекцыі і пасля страты антыцел. Ёсць пацвярджэнні, што імунная абарона пасля вакцынацыі “Спадарожнікам V” захоўваецца не менш за 9 месяцаў.
Хачу заўважыць, што вакцыны ў Пружанскай паліклініцы, а таксама ў пасялковых бальніцах, амбулаторыях раёна і на пункце вакцынацыі ў “Белмаркеце” дастаткова (дарэчы, ва ўсіх гэтых кропках можна прышчапіцца і ад грыпу). Паўсюль пастаянны прыём вядуць асобныя ўрачы, ніякіх чэргаў няма. Для зручнасці працуючых штодзень брыгадамі медыкаў арганізоўваюцца выезды на прадпрыемствы.
Людзей, якія жадаюць прышчапіцца, на жаль, пакуль недастаткова. І гэта вельмі хвалюе, паколькі калектыўны імунітэт у гэтым выпадку будзе выпрацоўвацца не так хутка, як нам, медыкам, хацелася б.
Падрыхтавала Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік
***
Два дні — 27 і 28 верасня — у шасці аптэках Брэсцкага РУП «Фармацыя» ў г. Пружаны праводзіліся кансультацыі спецыялістаў-эпідэміёлагаў па імунапрафілактыцы COVID-19 і грыпу.
Падчас іх спецыялісты Пружанскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі расказвалі пра неабходнасць вакцынацыі, адказвалі на пытанні грамадзян, як можна засцерагчыся ад каранавіруса.
Яўгенія Трапязон