
Напрыканцы мінулага тыдня на гарадскім стадыёне прайшлі раённыя спаборніцтвы санітарных дружын арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Раней такое мерапрыемства было штогадовым, але з-за складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі з 2020 года не праводзілася. І вось пасля працяглага перапынку яно было адноўлена ў нязменным фармаце.

У спаборніцтвах прынялі ўдзел сандружыны сямі працоўных калектываў — ААТ «Мурава», «Жураўлінае», «Шані-аграпрадукт», «Пружанскі райаграсэрвіс», «Пружанскі малочны камбінат», ДЛГУ «Пружанскі лясгас» і КУВП «Камунальнік». Падчас урачыстага пастраення ўдзельнікаў вітаў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Гук, які пажадаў усім добрага настрою, атрымання карысных ведаў і… прымянення апошніх толькі тэарэтычна, а не на практыцы.

Як адзначалася, фармат спаборніцтваў застаўся традыцыйным. Адкрыў мерапрыемства конкурс страявой падрыхтоўкі, які пачаўся з праходжання атрада сандружыны з райаграсэрвісу. Неабходна было не толькі зладжана прайсці міма суддзяў, але і выканаць маршавую песню. Трэба адзначыць, што ўсе каманды справіліся з гэтым на выдатна, дэманструючы высокую дысцыпліну і неблагія вакальныя дадзеныя.

Увогуле, судзейскай калегіі, у якую ўвайшлі работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, медыкі і прадстаўнікі раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа, на спаборніцтвах было даволі няпроста вызначаць лепшых, бо практычна ўсе дэманстравалі грунтоўную тэарэтычную і практычную падрыхтоўку. Хаця здараліся і памылкі.

У прыватнасці, на першым этапе ўдзельнікі павінны былі прайсці праверку спецвопраткі і аснашчэння, паказаць, наколькі віртуозна яны могуць карыстацца ўсімі прыладамі. У гэтым найменшую колькасць штрафных балаў атрымалі сандружыннікі з Муравы і малочнага камбіната: па два балы кожная каманда.

На другім этапе, ва ўмоўным ачагу камбінаванага паражэння, з аказаннем медыцынскай дапамогі «траўмаваным» выдатна справіліся камунальшчыкі, у якіх увогуле не аказалася штрафных балаў.

Трэці этап застаўся за работнікамі лясгаса (1 бал), якія прадэманстравалі свае навыкі ў пераадоленні наступстваў хімічнага паражэння і ратавання з такога ачагу пацярпелых.

А вось на чацвёртым этапе, дзе быў створаны ўмоўны ачаг інфекцыйнага паражэння, добра адзначыліся ўсе каманды. Хаця суддзі асабліва адзначылі дакладнасць каманд і зладжанае выкананне ўсіх дзеянняў сандружыны з Шанёў. Тое ж самае было зафіксавана і на пятым этапе, дзе тэарэтычную медыцынскую падрыхтоўку правяралі валанцёры БЧК.

Падчас падвядзення вынікаў суддзям давялося паспрачацца, каб вызначыць лідараў. Прасцей за ўсё аказалася ацаніць прапагандысцкія плакаты, якіх было ўсяго два. І лепшым з пункту гледжання творчасці і ўздзеяння быў названы «баявы лісток» сандружыны з ААТ «Мурава».

Найбольш дакладную страявую падрыхтоўку прадэманстравалі «дружыннікі» з «Камунальніка».
Лепшым камандзірам атрада прызнаны Віктар Стасевіч з лясгаса, а лепшай сандружынніцай стала Галіна Валюшка з «Жураўлінага».

Прызавыя месцы былі размеркаваны наступным чынам. «Залаты» дыплом і кубак пераможцаў павезлі дадому работнікі малочнага камбіната. Крыху саступілі ім сапернікі з райаграсэрвісу, трэцяе месца засталося за камандай «Шані-аграпрадукт». Дыпломы і граматы ўсім адзначаным на фінальным пастраенні ўручыў начальнік РАНС Павел Талстой.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік