У рэдакцыю паступіў званок ад гараджаніна, якога цікавіла мэта планавай зверкі ўліковых дадзеных ваеннаабавязаных. Мы звярнуліся ў ваенкамат, дзе на нашы пытанні адказаў намеснік ваеннага камісара, начальнік мабілізацыйнай групы маёр Сяргей Канановіч. Нагадваем вам, паважаныя чытачы, што раней было анансавана кантрольнае апавяшчэнне ваеннаабавязаных, якое і пачалося ў гэты панядзелак.

— З 21 па 25 лістапада праходзіць актыўная фаза кантрольнага апавяшчэння. У гэты перыяд працуюць пасыльныя, якія разносяць павесткі па дамашніх адрасах ваеннаабавязаных, — патлумачыў Сяргей Канановіч.
На наступным тыдні, з 28 лістапада па 2 снежня, будзе праходзіць кантрольная яўка ваеннаабавязаных на пункт папярэдняга збору для ўдакладнення дадзеных. У камісарыяце кажуць, што працэдура зойме літаральна некалькі мінут. Пунктам збору ваеннаабавязаных стане аграрна-тэхнічны каледж па адрасе: вул. Маякоўскага, 9, які будзе працаваць з 8 да 18 гадзін.
— Ваеннаабавязаныя могуць не атрымаць павестку ў сілу форс-мажорных абставін (напрыклад, падчас наведвання пасыльнага мужчына быў у камандзіроўцы). У такім выпадку просім самастойна прыйсці ў ваенны камісарыят для ўдакладнення асабістых дадзеных, — кажа ваенны камісар падпалкоўнік Кірыл Шаўчэнка.

Кірыл Усеваладавіч падкрэслівае, што дадзенае мерапрыемства носіць планавы характар, а няяўка на пункт збору ў прызначаны час без уважлівай прычыны пацягне за сабой адміністрацыйную адказнасць.
Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся ў ваенны камісарыят Пружанскага раёна па тэлефоне 4-10-84.
Юлія Янушка. Фота аўтара