Пачатак мужчынскай біяграфіі прыпадае менавіта на службу ў арміі. Толькі там з юнакоў вырастаюць сапраўдныя абаронцы сям’і і блізкіх, роднага дома і Айчыны.
У восеньскі прызыў жніўня-лістапада 2020 года з Пружаншчыны ў войска накіравалася 83 юнакі, якія ў недалёкай будучыні вернуцца назад ужо сапраўднымі мужчынамі. Ва ўрачыстай абстаноўцы, якая была наладжана ў Палацы культуры на мінулым тыдні, усім прызыўнікам уручылі павесткі.

Загад аб пачатку воінскага прызыву Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зачытаў в.а.ваеннага камісара раёна С.В.Канановіч. Сяргей Вячаслававіч адзначыў, што павесткі зараз атрымліваюць юнакі, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, а таксама тыя маладыя людзі, хто па розных прычынах страціў права на адтэрміноўку ад вайсковай службы. Выконваючаму абавязкі дапамаглі ва ўручэнні павестак першы сакратар райкама БРСМ А.М.Бабігорац, памочнік начальніка аддзела аховы С.В.Ільяшэвіч, старшыня Пружанскай РАС ДТСААФ В.М.Гарахавіцкі, прадстаўнікі вайсковых часцей і старшыня раённага таварыства «Абарона дзяцей Чарнобыля» К.Р.Барэеў. Дарэчы, апошні якраз гэтай восенню адправіў служыць і свайго ўнука і па праве дзядулі-ветэрана пажадаў усім прызыўнікам «лёгкіх ботаў», добрых сяброў і карысных ведаў.
З улікам таго, што маладыя пружанцы будуць спасцігаць навуку ў пагранічных і ўнутраных войсках, у часцях спецыяльнага прызначэння, механізаваных падраздзяленнях і войсках сувязі, можна спадзявацца, што год-паўтара сапраўды пройдуць для іх з карысцю. А побач з тым, яшчэ і давядзецца паглядзець на іншыя куткі нашай краіны, пачынаючы ад Віцебска і заканчваючы Мар’інай Горкай.
Як адзначыў С.В.Канановіч, бягучы прызыў адметны тым, што пераважная большасць хлопцаў адказна ставілася да свайго абавязку: амаль усе прайшлі неабходныя працэдуры без якіх-небудзь непаразуменняў. Хаця і не абышлося без некаторых інцыдэнтаў: некалькі чалавек усё-такі давядзецца адшукваць. Спачатку работнікі ваеннага камісарыята будуць вызначаць месцазнаходжанне зніклых самастойна, а пры немагчымасці справіцца ўласнымі сіламі звернуцца па дапамогу да праваахоўных органаў з прыцягненнем «ухілістаў» да крымінальнай адказнасці.
Пасля ўрачыстасці прызыўнікі наведалі пакой баявой славы ветэранаў вайны ў Афганістане, дзе экскурсію для іх правёў старшыня раённага савета ветэранскай арганізацыі В.М.Гарахавіцкі.
Алег Сідарэнка. Фота аўтара.