
На мінулых выхадных у Пружанскім аграрна-тэхнічным каледжы прайшло мерапрыемства «Кірмаш мэтавай падрыхтоўкі».
Падзея пачалася з прывітальнай прамовы дырэктара каледжа Дзмітрыя Чайкоўскага.

На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі 7 сельскагаспадарчых арганізацый Пружанскага раёна: ААТ «Шані-аграпрадукт», «Жураўлінае», «Пружанскі райаграсэрвіс», «Агра-Калядзічы», «Мурава», «Радзіма» і філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі». Таксама на мерапрыемстве былі прадстаўнікі аднаго з будаўнічых прадпрыемстваў раёна — Пружанская ПМК-21. Мэта кожнай арганізацыі заключалася ў тым, каб даходліва данесці да абітурыентаў тонкасці і перавагі сваёй прафесіі, якія маглі б зацікавіць будучых выпускнікоў. А іх у гэты дзень сабралася нямала, 242 вучні з 16 школ Пружанскага раёна і адна сям’я з Жабінкі.

Усе прадстаўнікі падрабязна расказалі пра свае арганізацыі, чым яны займаюцца, у якіх напрамках працуюць і якія далейшыя перспектывы развіцця. У сваю чаргу выкладчыкі і майстры вытворчага навучання Пружанскага каледжа правялі майстар-класы. Мерапрыемства выдалася даволі цікавае і насычанае. У канцы яго вынікі падвяла старшыня прыёмнай камісіі Алена Багдановіч.

Спадзяёмся, што нашы вучні абяруць неабходны для сябе кірунак далейшай адукацыі, які праз некаторы час прынясе свой плён.
Руслан Басак. Фота прадастаўлена Пружанскім каледжам