Напрыканцы мая сёлетняга года загадам міністра ўнутраных спраў начальнікам Пружанскага райаддзела ўнутраных спраў быў зацверджаны падпалкоўнік міліцыі Сяргей Васільевіч Паўлюковіч. Днямі ў райаддзеле ўнутраных спраў адбылася ўрачыстасць з прадстаўленнем новага начальніка пружанскай міліцыі.
Асабовы састаў РАУС з новым кіраўніком пазнаёміў начальнік упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама Алег Шулякоўскі. Ён ахарактарызаваў Сяргея Васільевіча як працавітага і прыстойнага афіцэра, які мае важкі службовы спіс і значны прафесійны вопыт. Службу Сяргей Паўлюковіч пачынаў у 2005 годзе на пасадзе оперупаўнаважанага аддзела крымінальнага вышуку РАУС Ленінскага раёна г. Брэста. І практычна ўвесь час адслужыў менавіта ў гэтым райаддзеле, дзе прайшоў усе прыступкі прафесійнага росту. У апошні перыяд працаваў на пасадзе намесніка начальніка Ленін-скага райаддзела міліцыі. За дасягненні і высокія вынікі падчас праваахоўнай дзейнасці ў 2018 годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў узнагароджаны медалём «За бездакорную службу» ІІІ ступені.
— Перад Сяргеем Паўлюковічам зараз ніякіх звышзадач не ставіцца,— падкрэсліў Алег Мікалаевіч. — Нават скажу, што яму пашанцавала ўзначаліць такі калектыў, што неаднаразова гучаў на ўзроўні вобласці як прыклад для іншых. Хаця перспектывы для далейшага ўдасканалення ёсць, а рэсурсы невычарпаны, асабліва ў пытанні камплектавання райаддзела асабовым саставам.
Старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч выказаў спадзяванне, што будучая сумесная праца ў раёне будзе канструктыўнай. І з намёкам на тое, што Сяргей Паўлюковіч цяпер стане «хварэць» за Пружаншчыну, як за родны рэгіён, уручыў новаму кіраўніку РАУС своеасаблівы знак грамадзяніна Пружанскага раёна.
Таксама ў цырымоніі знаёмства прынялі ўдзел калегі з іншых сілавых і праваахоўных структур, прадстаўнікі арміі, царквы, ветэраны МУС — тыя, з кім новаму начальніку райаддзела давядзецца шчыльна ўзаемадзейнічаць у плане захавання правапарадку, спакою ў грамадстве, маральна-выхаваўчай рабоце, у тым ліку і з падрастаючым пакаленнем.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік