Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Піневіч 9 кастрычніка з рабочай паездкай пабываў у Пружанах.
Мэтай кіраўніка медыцынскага ведамства краіны было правядзенне асабістага прыёму грамадзян у райвыканкаме, наведванне Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы, сустрэча з яе калектывам. Забягаючы наперад, скажу, што візіт Дзмітрыя Піневіча аказаўся для Пружаншчыны не толькі значным, але і даволі карысным. Справа ў тым, што ўдалося заручыцца падтрымкай у далейшай рэалізацыі патрэбных для раёна праектаў. Але пра гэта крыху пазней.
Вернемся да прыёму грамадзян. На яго запісалася больш за дзесяць чалавек — не толькі з нашага раёна. Да міністра са сваімі праблемамі прыехалі жыхары Гомеля, Слоніма, нават Мінска.
Мы не сталі высвятляць, з якімі пытаннямі кожны з заяўнікаў звярнуўся да Дзмітрыя Леанідавіча. Але пра адно крыху раскажам. Малады ўрач з Гомеля прыехаў да міністра з «незвычайным» пытаннем — так ён яго ахарактарызаваў, з якім не змаглі разабрацца менш значныя інстанцыі. Не буду ўдавацца ў глыбіню праблемы, яна даволі спецыфічная, скажу адно, што спецыялісту па сківічна-тваравай хірургіі была дадзена надзея, што ён зможа працаваць і ў паліклініцы на стаўцы хірурга-стаматолага. Магчыма, вырашэнне падобных пытанняў дазволіць палепшыць становішча з медыцынскімі кадрамі.
Затым Дзмітрый Піневіч разам са старшынёй райвыканкама Міхаілам Грышкевічам, начальнікам галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама Віктарам Міхалоўскім наведалі Пружанскую цэнтральную раённую бальніцу, некаторыя яе аддзяленні, сустрэліся з калектывам райбальніцы.
Падчас сустрэчы Дзмітрый Леанідавіч даў даволі высокую ацэнку нашай медустанове, але не скідваў з рахункаў, што праблемы тут ёсць. І самая значная з іх — недахоп медыцынскіх кадраў, асабліва ўрачоў вузкіх спецыялізацый, стаматолагаў. Міністр адказаў на шэраг пытанняў, запісаў некаторыя прапановы. Напрыклад, прапанавалася распрацаваць заканадаўчую базу пад адзін з пунктаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзе гаворыцца аб тым, што грамадзяне павінны клапаціцца аб сваім здароўі. Не прымусова, а добраахвотна праходзіць дыспансерызацыю, своечасовыя абследаванні і гэтак далей.
Па выніках сустрэчы быў прыняты шэраг рашэнняў і дадзены даручэнні. У прыватнасці, прынята рашэнне аб пераводзе педыятрычнага аддзялення райбальніцы ў асобны корпус.
Міністрам таксама была пастаўлена задача разгледзець прапановы і распрацаваць дакументацыю па ўстаноўцы камп’ютарнага тамографа (КТ) у райбальніцы, падрыхтаваць спецыялістаў, якія змогуць працаваць на ім.
Журналісты, якія прысутнічалі на сустрэчы, скарысталіся магчымасцю і задалі шэраг пытанняў Дзмітрыю Піневічу.
— З якімі пытаннямі больш усяго звяртаюцца да Вас людзі?
— Першая катэгорыя звярнуўшыхся — гэта пацыенты альбо іх родныя, якія жадалі б атрымаць меддапамогу на больш высокім узроўні. Як правіла, гэта не першасныя пацыенты, а тыя, хто звяртаўся да ўрачоў на месцах, пракансультаваныя, агледжаныя, але ім патрэбна правядзенне магчымых рэспубліканскіх кансіліумаў.
Другая — тыя, хто задае пытанні экспертнага характару. Іх таксама можна зразумець. Людзі прыносяць з сабой розныя экспертныя заключэнні, якія іх не заўсёды задавальняюць: па ўстаноўцы групы інваліднасці, ільгот, якія ім належаць. Спрабуюць задаць пытанні праходжання паўторнай экспертызы па-за рамкамі. Хаця гэтыя рамкі даволі добра адрэгуляваны.
Трэцяя катэгорыя задае пытанні, якія тычацца той тэрыторыі, на якой пражываюць, той установы, дзе праводзіцца прыём. Гэта і пытанні па захаванні на вёсцы фапаў, бальніц альбо іншых структур аховы здароўя.
Думаю, што сёння мы ў большай ступені адказалі на пытанні, якія ўзнікалі ў пацыентаў. Калі мы іх не вырашылі зараз, то ў бліжэйшым будуць дадзены тлумачэнні. Я сёння атрымаў вялікую колькасць інфармацыі.
— Такія наведванні рэгіёнаў Беларусі Вамі, як міністрам аховы здароўя, дазваляюць выявіць нейкія надзённыя праблемы?
— Як я ўжо казаў, падобныя візіты перш за ўсё накіраваны на тое, каб насельніцтва магло звярнуцца непасрэдна да асоб, якія прымаюць рашэнні. З іншага боку, мы павінны адчуць, самі ўбачыць тыя праблемы, якія існуюць. Наша галоўная задача — уніфікацыя праблем аховы здароўя, каб узровень аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву не залежыў ад таго населенага пункта, дзе пацыент пражывае.
— Ці ёсць у сістэмы аховы здароўя Брэсцкай вобласці нейкія краевугольныя моманты, якім неабходна надаць увагу менавіта на ўзроўні кіраўніцтва краіны?
— Думаю, што Брэсцкі рэгіён у гэтых адносінах нічым не адрозніваецца ад іншых. Скажу, што маршрутызацыя пацыентаў не павінна ўплываць на якасць аказання медыцынскай дапамогі. Мы вырашаем пытанні, якім чынам будуць дабудоўвацца магутнасці Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы. Другі момант тычыцца паскоранага развіцця Брэсцкага рэгіёна — гэта Баранавічы, Пінск. Ведаеце, па Пінску стаіць пытанне аб тым, што гэты раён уключаецца ў дзяржаўную інвестыцыйную праграму. Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы будзе рух у мадэрнізацыю аховы здароўя Піншчыны. Нядаўна я наведваў Баранавічы, дзе абмяркоўвалі, якім чынам там будзе адбывацца развіццё відаў медыцынскай дапамогі.
У Пружанах пабывалі ў той установе, дзе на высокім узроўні знаходзіцца аказанне медыцынскай дапамогі, ёсць рэзервы ў арганізацыі падрыхтоўкі кадраў, дыягнастычнай базе. Безумоўна, усе рашэнні ляжаць як мінімум у трохбаковых суадносінах: Міністэрства аховы здароўя, абласной і раённай улад.
— З’яўленне новых будынкаў сістэмы аховы здароўя, матэрыяльна-тэхнічнай базы — без спецыялістаў гэта не будзе працаваць. Наколькі сёння ўкамплектаваны кадравы склад спецыялістаў вузкага накірунку?
— У рэйтынгу ўкамплектавання кадраў Брэсцкі рэгіён лідзіруе. Знаходзячыся ў Пружанах, мы абмяркоўваем зараз з кіраўніцтвам раёна, установы аховы здароўя тое, што нам патрэбна паставіць камп’ютарны тамограф. Але перш за ўсё патрэбны спецыялісты, якія будуць на гэтым абсталяванні працаваць. Іх нам трэба падрыхтаваць. І гэта найпершаснае пытанне. Кадравае забеспячэнне не залежыць ад велічыні населенага пункта ці яго важнасці. Трэба, каб тая візуалізацыя ў аддзяленнях неўралогіі, хірургіі, траўматалогіі дасягнула новых тэхналогій. Будзем вырашаць ўсе гэтыя пытанні, але толькі з вырашэннямі пытанняў кадраў, каб яны тут замацаваліся.
Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара