Среда, 17 июня 2026

У Пружанах знайшлі склеп, які з’яўляецца пачаткам некалькіх падземных хадоў. Новы этап даследаванняў пачынаецца 1 красавіка

1 454

Нямала таямніц яшчэ хавае зямля Пружанская. Усе, напэўна, памятаюць паданні пра магчымыя падземныя хады, якія злучаюць Ружанскі і Косаўскі палацы. А таксама пра тыя, што праходзяць пад старажытнымі будынкамі ў цэнтры Пружан. Магчыма, адна з гэтых дзіўных гісторый хутка знойдзе сваё пацвярджэнне. Нават нейкая містыка бачыцца ў тым, што гэта адбылося напярэдадні святкавання Пружанамі свайго 590-годдзя.

Стары склеп на ўскрайку райцэнтра аказаўся ўваходам у сапраўднае падзямелле, адкуль пачынаюцца адразу некалькі падземных хадоў. Адзін з іх, самы шырокі, даследуе група археолагаў. Ход вядзе ў бок Дабучына і завяршаецца ў лясным масіве недалёка ад фермы. Нам здаецца, што па-першае, гэта пацвярджае тэорыю пра першапачатковую назву Пружан — Дабучын, а па-другое, супадае з апісаным амаль 200 гадоў таму Юзафам Крашэўскім месцам, дзе захаваліся рэшткі абвалоўкі старажытнага ўмацавання.

Земляныя сцены хода маюць падпоркі з дубу, на іх захаваліся мацаванні для факелаў, ніз забрукаваны. Вышыня хода — паўтара метра, гэта значыць, яна дастатковая для таго, каб тут мог ісці чалавек (па меркаванні антраполагаў нашы продкі былі значна ніжэйшыя ростам за сучасных людзей). Сярод знойдзенага ў падзямеллях — старажытныя манеты з выявай вужакі з дзіцём у пашчы, якая адпавядае выяве на гербе, падараваным Пружанам у 1588 годзе каралевай Ганнай Ягелонкай. Ці значыць гэта, што ў тыя часы ў нас чаканілі свае грошы?

Магчыма, чарговыя даследаванні, якія пачынаюцца ўжо сёння, 1 красавіка, дадуць адказ на многія пытанні.

Паводле сайта AprilFool’sDay.du.

P.S. З 1 красавіка, паважаныя чытачы!