Понедельник, 2 декабря 2024

У Пружанах ярка адзначылі Дзень моладзі

2 507

Любое свята павінна быць яркім і незвычайным. Толькі ў такім выпадку яно надоўга застаецца ў памяці. Сёлетні Дзень моладзі дакладна запомніцца яго віноўнікам – маладым, актыўным, творчым, часам дзёрзкім і, безумоўна, смелым жыхарам раёна.

Па-першае, з гэтага года ён змяніў назву і цяпер называецца Днём моладзі і студэнцтва. А па-другое, месца і фармат святкавання ў Пружанах сталі нечаканымі, але вельмі спадабаліся ўсім прысутным.
Пра тое, што Дзень моладзі-2021 у Пружанах пройдзе не на цэнтральнай плошчы, Палац культуры аб’явіў загадзя. Месцам правядзення свята ўпершыню быў выбраны амфітэатр у гарадскім парку. І ўсё б нічога, але ўмяшацца ў планы вырашыла надвор’е. З-за моцнага дажджу, які прайшоў у мінулую суботу, праграму збіраліся нават перанесці ў дысказалу, але ў самы апошні момант вырашылі, што ад ідэі святкавання ў парку адмаўляцца не варта. І не прагадалі.

Каля васьмі гадзін вечара да амфітэатра стала падцягвацца моладзь. Пачатак свята быў сапраўды яркім. Усё таму, што пачалося яно з фестывалю фарбаў. Дзясяткі хлопцаў і дзяўчат танцавалі пад сучасныя і добра знаёмыя хіты, а іх твары, валасы і адзенне сталі рознакаляровымі. Усімі колерамі вясёлкі заіграла і трава, на якой весяліліся адпачываючыя.


Затым ініцыятыву ў свае рукі ўзяў Алег Строк. Ён стаў вядучым інтэрактыўнай забаўляльнай праграмы з мноствам конкурсаў. Яны змяніліся дыскатэкай у неонавых колерах. Не абышлося, вядома, без запальвання ліхтарыкаў на тэлефонах.


Яскравым завяршэннем маладзёжнага вечара стала фаер-шоу, падрыхтаванае «Impulse Fest». Моладзь весялілася і танцавала, захаплялася цудамі полымя. Праграма сапраўды ўдалася. Арганізатары ж абяцаюць здзіўляць моладзь кожны год і вельмі спадзяюцца, што ў жыцці пружанскіх хлопцаў і дзяўчат яркіх колераў будзе яшчэ больш, чым падчас свята.
Уладзіслаў Шпарла.