Адкрыццё абноўленага помніка-самалёта па вул. Пушкіна ў Пружанах адбылося ў сераду. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, авіяцыйны інжынер Віталій Неліхаў, ваенны камісар раёна Кірыл Шаўчэнка, дырэктар КУВП «Камунальнік» Сяргей Бабрук, вучні і педагогі сярэдняй школы № 4 г. Пружаны.

Вядучы Алег Строк нагадаў прысутным пра гісторыю ўзнікнення помніка, устаноўленага ў гонар лётчыкаў, якія загінулі ў барацьбе за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Сярод іх былі і авіятары 33-га знішчальнага авіяпалка, якія прынялі на сябе першы ўдар гітлераўцаў у чэрвені 1941 года. Самалёт МіГ-17 з‘явіўся ў гэтым месцы ў 1970 годзе, у хуткім часе быў узняты на пастамент, які пабудавалі работнікі Пружанскага завода радыёдэталяў. Урачыстае адкрыццё помніка адбылося 9 мая 1971 года. Са сцягамі і аркестрам рушылі да возера калоны жыхароў горада пасля мітынгу ў цэнтры. Змог паўдзельнічаць ва ўрачыстасцях і былы камандзір 33-га зап.

Вельмі сімвалічным назваў месца, дзе знаходзіцца помнік, Руслан Супрыновіч. Руслан Васільевіч акцэнтаваў увагу, што яно не з‘яўляецца месцам пахавання, але менавіта тут разгортваліся падзеі пачатку Вялікай Айчыннай вайны, адсюль пачаўся слаўны баявы шлях шэрага будучых асаў, герояў вайны. А ў пасляваенныя гады Пружаншчына стала пунктам дыслакацыі лётчыкаў-выпрабавальнікаў, якія кавалі шчыт абароны Савецкага Саюза, а пазней нашай любімай Беларусі.

Праз паўстагоддзя існавання помніка наспела неабходнасць яго рэстаўрацыі. Работнікі камунальнай службы пачалі яе ў мінулым годзе. Яны не толькі нанова пафарбавалі самалёт, добраўпарадкавалі тэрыторыю, але і пабудавалі новы пастамент.

Пра даніну павагі і памяці загінулым лётчыкам казаў і Віталій Неліхаў, які шмат гадоў займаецца ваенным краязнаўствам. Ён больш падрабязна расказаў пра авіяцыйныя часці, якія базіраваліся на тэрыторыі раёна, авіятараў, якія пачыналі тут вайну, а пасля вызвалення Беларусі займаліся падрыхтоўкай лётнага саставу, адсюль выляталі на бамбардзіроўку Берліна.
— Няхай гэты помнік і надалей будзе нагадваць нам і нашым нашчадкам пра слаўныя і цяжкія часы вайсковага подзвігу, пра лётчыкаў, якія загінулі на пружанскай зямлі, — сказаў Віталій Юр‘евіч.

Да помніка былі ўскладзены кветкі. Як кроплі гарачай крыві, запалымнелі чырвоныя гваздзікі і цюльпаны каля памятнай дошкі з цытатай з «Песні пра Сокала» М. Горкага. «О, смелый Сокол, в боях с врагами истёк ты кровью… Пускай ты умер!.. Но в песне смелых и сильных духом всегда ты будешь живым примером…»
Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы з урачыстага мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_292843469 і https://ok.ru/budni/album/960552585352