Понедельник, 9 декабря 2024

У Пружанах упершыню прайшоў раённы Калядны баль моладзі (+ фота і відэа)

1 100

Больш за дзесяць гадоў таму, у далёкім 2012-м, у Пружанах упершыню прайшла цырымонія ўшанавання таленавітых дзяцей «Дараванне». Гэта ўжо не проста добрая пераднавагодняя традыцыя, а адно з брэндавых мерапрыемстваў Пружаншчыны. Стаць такім мае ўсе шанцы і Калядны баль моладзі. Яго ў мінулую суботу, на стары Новы год, упершыню прымаў музей-сядзіба «Пружанскі палацык».

Ідэю правядзення падобнага мерапрыемства ў нашым раёне, здаецца, падказаў сам час. Шыкоўныя і ўжо традыцыйныя балі сёння праходзяць не толькі ў сталіцы, а нават у нашай вобласці. Гаворка пра губернатарскі бал у Косаўскім палацы. Год мінулы, які быў абвешчаны Годам гістарычнай памяці, нагадаў: на Пружаншчыне ёсць знакавыя аб’екты, якія могуць стаць месцам для падобнага мерапрыемства. Абралі палацык і, забягаючы наперад, скажу, што ніколькі не памыліліся.

Вечарам мінулай суботы гасцямі Пружанскага палацыка сталі 16 пар дэбютантаў. Менавіта для іх расчыніла дзверы вялікая зала музея на першым паверсе. Антуражу дадавала само месца. Здавалася, вось-вось і сам Валенцій Швыкоўскі выйдзе, каб вітаць тых, хто сваім талентам, добрай вучобай, актыўнасцю даказаў, што заслужыў такі калядны падарунак.

Рыхтавацца да балю гэтыя хлопцы і дзяўчаты пачалі ў снежні. Танцавальныя па развучвалі разам з вопытным харэографам — кіраўніком народнага ансамбля танца «Спадчына» Валянцінай Іскаліевай. Па словах педагога, школьнікі з адказнасцю наведвалі рэпетыцыі, усведамлялі значнасць падзеі. Дзякуе Валянціна Іванаўна за разуменне і бацькам: сярод удзельнікаў былі не толькі вучні гарадскіх школ, адна з пар дабіралася на рэпетыцыі з Навасёлак.

Старанна рыхтаваліся да балю Аляксандр Ільяшук і Дар’я Аляксейчык з СШ № 5. Трапілі сюды ў якасці школьных актывістаў. Абодва — удзельнікі школьнага патрыятычнага клуба, у якім займаюцца фізпадрыхтоўкай, стральбой, вывучаюць гісторыю. Аляксандр — пастаянны ўдзельнік спартыўных турніраў. Даша ў наступным годзе плануе паўдзельнічаць у алімпіядзе па фізкультуры. Акрамя таго, любіць радаваць тых, каму ўсмешка проста неабходна — з’яўляецца членам валанцёрскага атрада.

— Гэта вялікая радасць і вялікі гонар прысутнічаць на такім мерапрыемстве. Гонар прадстаўляць сваю школу, гонар быць першымі ўдзельнікамі такога балю. І хоць хваляванне нікуды не знікла, разумеем, што ўсе рэпетыцыі былі не дарма, — кажуць вучні СШ № 5.

Сапраўды, у той вечар усе складанасці, як і думкі пра хатняе заданне, паход да рэпетытара ці праходжанне варыянта тэста для ЦТ засталіся ўбаку. Арганізатары — аддзелы ідэалагічнай работы і па справах моладзі, культуры райвыканкама разам з аддзелам па адукацыі — пастараліся зрабіць баль у духу лепшых танцавальных традыцый. Таму не абышлося на ім без пажоў, а задаваў тон мерапрыемству распарадчы, з роляй якога выдатна справіўся Вячаслаў Краўчук.

У бальнай карце было некалькі танцаў. Напачатку пагрузіў у атмасферу XIX стагоддзя чароўны паланэз. Ён змяніўся пяшчотным і прыгожым вальсам. Незабыўныя ўражанні пакінула кадрыля — многія з хлопцаў і дзяўчат пазнаёміліся з гэтым танцам упершыню, але з усім справіліся і былі проста на вышыні.

Такой думкі прытрымліваліся і ганаровыя госці балю: старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандр Момлік, загадчык сектара вучэбна-выхаваўчай работы аддзела па адукацыі Святлана Супрыновіч і галоўны спецыяліст аддзела культуры Таццяна Пура. Вітаючы ўдзельнікаў балю, Мікалай Пятровіч падкрэсліў, што першы баль — маленькі парастак, які абавязкова пусціць карані. Старшыня Савета дэпутатаў выказаў упэўненасць, што ў будучым гэтымі хлопцамі і дзяўчатамі будуць ганарыцца, і пажадаў удзельнікам, каб іх пакуль маленькія зорачкі абавязкова заззялі яркім святлом на небасхіле Беларусі.

Выхады пар дэбютантаў змяняліся гасцявымі нумарамі. Паланэз выканалі выхаванцы харэаграфічнага аддзялення ДШМ імя Р.Р. Шырмы. Удзельнікі ўзорнага ансамбля танца «Круцёлачкі» падрыхтавалі незабыўную харэаграфічную пастаноўку «Маленькая краіна», якую госці віталі асабліва горача. Апладысменты прагучалі і ў адрас выканальніц чароўных рамансаў. А яшчэ пары чыталі пажаданні, што былі размешчаны на ёлачцы, загадвалі жаданні. Напрыканцы хлопцаў і дзяўчат у стыльных фраках і прыгожых вячэрніх уборах чакалі фуршэт, абмен эмоцыямі і многа фота на памяць. Увогуле, здавалася, што ўсё на гэтым балі было прасякнута сваім, родным. А гэта асабліва актуальна ў Год міру і стварэння.

Дапамагала і само надвор’е: падчас танцавальных нумароў у вокны музея заглядвала яркае сонейка. Нібыта падказваючы, што такое светлае пачынанне — калядны баль, які стаў фінальным мерапрыемствам акцыі «Нашы дзеці», — абавязкова павінна стаць яшчэ адной цудоўнай традыцыяй Пружаншчыны.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік

Фотаабомы з Каляднага балю: https://vk.com/album-23306785_290759111 і https://ok.ru/budni/album/953749908360