Воскресенье, 9 ноября 2025

У Пружанах упершыню адзначылі Сусветны дзень жаночага хакею і запрасілі дзяўчынак на «Жаночы хакейны ўік-энд» (+ многа фота)

314

Хто сказаў, што хакей выключна мужчынскі від спорту? Не менш любяць яго жанчыны, сустрэць якіх апошнім часам можна не толькі на трыбунах, але і на лёдзе. Увогуле, жаночыя хакейныя зборныя не такая ўжо і рэдкасць, ёсць яны і ў Беларусі. Таму зусім нядзіўна, што наша краіна далучылася да Сусветнага дня жаночага хакея. Адзначылі яго і ў Пружанах.

У мінулую суботу Лядовы палац запрасіў дзяўчынак ва ўзросце ад 6 да 8 гадоў на «Жаночы хакейны ўік-энд». Мерапрыемства такога фармату прайшло ў нашым горадзе ўпершыню.

У чым яго мэта? Зразумела, выклікаць цікавасць малых да хакея. Але найперш — навучыць дзяўчынак цвёрда стаяць на каньках. Справа ў тым, што амаль усе ўдзельніцы, а іх было больш за 20, ніколі раней не выходзілі на лёд і, вядома, не займаліся хакеем прафесійна. Таму за першымі крокамі дзетак і бацькі, і трэнеры назіралі з цікавасцю і невялікай трывогай: галоўнае, каб не ўпалі, не атрымалі траўмаў.

Апошняе было проста выключана. Па-першае, дзяўчынак апранулі, як сапраўдных хакеістаў: шлем, накаленнікі, налакотнікі. Па-другое, побач было адразу некалькі хакейных трэнераў. Яны падхоплівалі тых, хто падаў, і дапамагалі падымацца.

А яшчэ яны ж падрыхтавалі для дзяўчынак шэраг актыўнасцей. Усіх удзельніц падзялілі на тры каманды. Спачатку маленькіх госцяў Лядовага палаца запрасілі прайсці «змейку». Пры гэтым трэба было перанесці ў фінальную кропку невялікі мячык. Затым арэну падзялілі ўжо на дзве часткі, і гэтымі самымі мячыкамі згулялі ў «снежкі». Пераможцамі тут былі тыя, на чыёй тэрыторыі аказвалася больш «снежак».

Далей, каб замацаваць навыкі слізгацення, дзяўчаткі разам з трэнерамі перамясціліся ў іншую частку арэны. Фінальным іспытам для іх стала перацягванне каната. Гэта было азартна і вельмі весела адначасова. Так, малыя падалі, але падымаліся і стараліся не падвесці сваю каманду. Словам, усё як у сапраўдным хакеі.

Дарэчы, пра хакей. У яго дзяўчынкі ў гэты дзень не гулялі. Усё ж для таго, каб узяць у рукі клюшку, патрабуецца спецыяльная падрыхтоўка. Але гульні, якія падрыхтавалі трэнеры, якраз вучаць тым якасцям, што патрэбны сапраўднаму хакеісту — згуртаванасці, вынослівасці, дапамагаюць зразумець, што такое камандны дух і наколькі важны ён на лёдзе.

Напрыканцы дзяўчынкі і трэнеры зрабілі агульнае фота і атрымалі салодкія падарункі ад арганізатараў. Хто ведае, магчыма, некаторыя з удзельніц яшчэ вернуцца на лёд, але ўжо ў якасці сапраўдных хакеістак. Пружанскія трэнеры да такога развіцця падзей гатовы. Тым больш вопыт ёсць, бо ў складзе мясцовых каманд дзяўчынкі ўжо гулялі.

Калі мерапрыемства завяршылася, мы папрасілі маленькіх яго ўдзельніц падзяліцца ўражаннямі.

Аляксандра Сабалевіч, вучаніца 3 класа СШ №3 г. Пружаны:

— На каньках я сёння стаяла ў першы раз! Гэта зусім не страшна, амаль як на роліках, на якіх вельмі люблю катацца. Таму і тут было даволі лёгка. Гульні, якія падрыхтавалі для нас сёння, вельмі цікавыя.

Фігурнае катанне і хакей вельмі падабаюцца, але я наўрад ці запішуся ў секцыю: проста ў мяне вельмі многа спраў. Хаджу на плаванне, дапамагаю матулі: нядаўна ў мяне нарадзілася сястрычка Віка, якой усяго 8 месяцаў. Ды і першыя спаборніцтвы па плаванні зусім хутка, ужо 25 кастрычніка ў Пружанах. Прыходзьце падтрымаць!

Варвара Масяйчук, вучаніца 1 класа СШ №3 г. Пружаны:

— Ніколі да гэтага не надзявала канькі, не выходзіла на лёд. Гэта так крута! Вельмі спадабалася, хоць і падала многа разоў.

Спорт люблю, глядзім з маім татам Сяргеем, з якім сёння прыйшлі сюды, розныя спаборніцтвы па тэлевізары і ў інтэрнэце. А мама мяне ўжо запісала ў секцыю фігурнага катання і запіша на плаванне. Спадзяюся, што буду ўсё паспяваць.

Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара

Фотаальбом з «Жаночага хакейнага ўік-энда»: https://vk.com/album-23306785_287260995