Среда, 15 января 2025

У Пружанах рэалізуецца праект Федэрацыі хакея Беларусі «Хакей ідзе да дзяцей»

294

«Хакей ідзе да дзяцей» – праект пад такой назвай вось ужо два гады рэалізуе Федэрацыя хакея Беларусі (ФХБ). Прыемна, што адным з гарадоў, які быў абраны для яго правядзення, нароўні з Івацэвічамі і Лунінцам сталі Пружаны. У чым сутнасць? Вучні першых і другіх класаў на ўроках фізкультуры вучацца стаяць на каньках, а пасля авалодваюць і азамі хакею. Нядаўна арганізаваныя на базе Лядовага палаца спаборніцтвы сталі своеасаблівай справаздачай работы праекта.

У якасці ўдзельнікаў баталій на пружанскі лёд выйшлі шэсць каманд, якія складаліся з дзяцей 2014-2015 г.н., – па тры ў кожнай групе. Дзве каманды – «Зорныя пінгвіны» і «Ледзяныя тыгры» – прадставілі СШ № 3. Таксама дзве зборныя адстойвалі гонар гімназіі. Гэта «Маленькія драконы» і «Вогненныя ястрабы». За СШ № 1 імя ЧБВА змагаліся «Снежныя барсы», а за СШ № 5 згулялі «Паўночныя акулы».

Дзеткі змагаюцца ўсяго на 1/3 арэны, што і зразумела: пакуль толькі вучацца. Але падтрымка ў іх – як у сапраўдных хакеістаў: плакаты і крычалкі ад родных і сяброў.  Напрыклад, Міраслава Савянчук прыйшла падтрымаць браціка Ягора, другакласніка, які выступае за гімназію. Заўважаем мы жанчыну, якая шчыра перажывае за каманду. Знаёмімся: Алена Рэчыц, мама… хакеісткі. Менавіта так, праект «Хакей ідзе да дзяцей» не раздзяляе малых, наадварот, прызваны захапіць хакеем кожнага.

– Паліна зараз у другім класе трэцяй школы, абараняе гонар «Зорных пінгвінаў». Дачка займаецца хакеем з першага класа. Прыклад у яе быў – старэйшы брат Cтаніслаў, які ў гэтым спорце з 4 гадоў і зараз выступае за пружанскую каманду 2011 г.н. Менавіта таму ў нас дома заўсёды пануе хакейная атмасфера. А яшчэ хакей – гэта здароўе і загартоўка. Наш Стас раней часта падхопліваў ангіну, а цяпер хварэе менш увогуле. Што да дачкі, то вельмі зручна, што падвозам на лядовую арэну і назад у школу займаецца сама навучальная ўстанова, якую яна наведвае. Гэта, паверце, значна аблягчае жыццё бацькам, – расказвае Алена.

Пацвярджае яе словы намеснік старшыні Федэрацыі хакея Беларусі Святлана Марчанка. Яна расказала, што, акрамя дастаўкі дзяцей у Лядовы, якую забяспечвае школа, федэрацыя поўнасцю паклапацілася пра амуніцыю для ўдзельнікаў праекта. Усё для таго, каб улюбіць хлопчыкаў і дзяўчынак у гэты від спорту.

– Наша федэрацыя рэалізуе праект «Хакей ідзе да дзяцей» другі год запар. Праводзім яго мы пры падтрымцы, у тым ліку фінансавай, Міжнароднай федэрацыі хакея. Перш за ўсё, наша задача – навучыць дзетак стаяць на каньках і прыцягнуць іх да заняткаў спортам. У рамках праекта два ўрокі фізкультуры запар дзеці праводзяць на лядовай арэне. Сёлета гэта першы і другі клас, і калі першаклашкі толькі вучацца не падаць, то вучні другіх класаў ужо бяруць у рукі клюшкі. Мяркуем, што ў наступным годзе да праекта падключацца і трэцякласнікі, – кажа Святлана Пятроўна.

Па яе словах, усё гэта садзейнічае развіццю як прафесійнага, так і аматарскага спорту. Многія з удзельнікаў праекта залічваюцца ў спартыўныя школы. Тых жа, хто пакуль не гатовы, перанакіроўваюць у клубы і спартыўныя цэнтры, дзе рыхтуюць да той жа «Залатой шайбы», якая ў будучым можа стаць пуцёўкай да хакейных вяршынь.

Не мог не запытацца ў прадстаўніцы Федэрацыі хакея і пра развіццё жаночых каманд. Святлана Пятроўна глядзіць на гэта пазітыўна, тым больш што адна з задач ФХБ – развіццё жаночага хакея. Зараз у краіне ім займаецца каля 100 дзяўчат, а з 1 ліпеня гэтага года плануецца стварыць паўнацэнную жаночую каманду, якая ў выпадку атрымання допуску будзе рыхтавацца да зімовай Алімпіяды-2026.

Але вернемся ў нашы рэаліі, дакладней, у Лядовы палац. Падобныя спаборніцтвы, па словах прадстаўнікоў ФХБ і бацькоў, праходзілі ўпершыню. Усім цікава было ацаніць тое, чаму навучыліся дзеці за два гады. Паказалі гэта матчы, якія складаліся з двух таймаў па 15 мінут кожны.

У групе «А» «Паўночныя акулы» разграмілі «Зорных пінгвінаў» – 3:0. Яны ж аказаліся мацнейшымі за «Маленькіх драконаў» – 4:2. У сваю чаргу, «Зорныя пінгвіны» не пакінулі шансаў «Маленькім драконам» – 4:0. У групе «В» «Вогненныя ястрабы» саступілі «Снежным барсам» – 1:6. Апошнія працягнулі пераможную серыю і абыгралі «Ледзяных тыграў» – 5:2. У схватцы ж «ястрабаў» і «тыграў» мацнейшымі аказаліся першыя – 2:1.

Такім чынам, у фінальнай гульні сустрэліся «Паўночныя акулы» з пятай і «Снежныя барсы» з першай гарадскіх школ. Маленькія хакеісты з СШ № 5 у выніку вырвалі перамогу з лікам 7:2.

Але якімі б ні былі лічбы на табло, галоўнае для арганізатараў –усмешкі дзяцей і іх жаданне развівацца далей у спартыўным накірунку. Хутка аналагічныя турніры пройдуць у Лунінцы і Івацэвічах. А мы ж верым, што гэтыя малыя праз некаторы час увойдуць у каманды ДЮСШ № 2 і будуць сапраўдным гонарам школы і нашага раёна.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік