У апошнія дні лістапада ў Пружанскім раёне прайшоў абласны маладзёжны форум работнікаў аграпрамысловага комплексу. Удзел у мерапрыемстве прынялі больш за 40 маладых і мэтанакіраваных аграрыяў Брэстчыны. Сярод важных гасцей быў і старшыня абласной арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Саланевіч.
Першым аб’ектам, дзе сустрэліся ўдзельнікі форуму, стала ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Тут прайшла дыялогавая пляцоўка.
Удзел у ёй таксама прынялі галоўны прававы інспектар працы абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Аліна Гумен, загадчык аддзела сацыяльна-эканамічнай работы Аляксандр Бараноўскі, галоўны спецыяліст па інфармацыйнай, культурна-масавай і спартыўнай рабоце, рабоце з моладдзю Святлана Марчук, старшыня Пружанскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Вольга Зубкова, галоўны спецыяліст па сувязях з грамадскасцю і ідэалагічнай рабоце ААТ «Пружанскі малочны камбінат» Дзмітрый Сачэўка і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства Таццяна Карпусь.
У прывітальнай прамове Аляксандр Саланевіч заклікаў маладых людзей да актыўнага абмеркавання хвалюючых іх пытанняў. У сваю чаргу Дзмітрый Сачэўка зазначыў, што на прадпрыемстве сапраўды надаецца вялікая ўвага моладзі. Для ўсіх, хто актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, прадугледжаны розныя заахвочвальныя бонусы. Гэта пацвердзіла і маладая работніца камбіната Вікторыя Каралец, якая прымала ўдзел у дыялогавай пляцоўцы:
— У мяне былі прапановы і з іншых прадпрыемстваў, але выбрала малочны камбінат — і не пашкадавала. Тут па-сапраўднаму дружны калектыў, які гатовы прыйсці на дапамогу ў цяжкую хвіліну. Грамадскае жыццё на прадпрыемстве «бурліць». Магчымасць удзельнічаць у розных мерапрыемствах ёсць заўсёды, і я стараюся ёй карыстацца ў
поўнай меры.
Працягнуўся дыялог тэмай заключэння калектыўных дагавораў. Тут дакладчыкам быў Аляксандр Бараноўскі. На раздзеле калектыўнага дагавора «Сацыяльная абарона моладзі» спыніўся старшыня маладзёжнага Савета Лунінецкай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Антон Палтавец. Пра тое, як падтрымліваюць моладзь у Столінскім раёне, расказаў інжынер па нарміраванні ААТ «Палеская ніва» Станіслаў Мальцэвіч:
— У нас даўно ўсталявалася практыка: за маладымі спецыялістамі, якія толькі прыйшлі на працу, замацоўваецца настаўнік, які дапамагае адаптавацца на новым месцы. Таксама ў калектыўным дагаворы арганізацыі прапісана нямала стымулюючых выплат, накіраваных на тое, каб замацаваць маладых спецыялістаў на месцах.
Як вырашыць магчымыя працоўныя спрэчкі, растлумачыла Аліна Гумен. Наогул, усе тэмы, пра якія ішла размова, былі сапраўды важнымі і цікавымі. Завяршылася дыялогавая пляцоўка на прыемнай ноце: уручэннем падарункаў і ўзнагарод. Сертыфікат на суму ў 1000 рублёў атрымаў Пружанскі малочны камбінат. За ўклад у развіццё маладзёжнай палітыкі галіновага прафсаюза Падзячным пісьмом абласнога камітэта былі адзначаны Вольга Булыга і Рынат Муратаў.
Увечары моладзь пазмагалася ў інтэлектуальнай гульні «PROF-квіз», у якой прынялі ўдзел пяць каманд. У напружанай барацьбе перамагла каманда «Адзін супраць усіх».
Другі дзень форуму таксама парадаваў сваёй насычанай праграмай. Удзельнікі наведалі турыстычны комплекс «Дзікое» ў в. Клятное, а таксама музей-сядзібу «Пружанскі палацык». Скончыўся маладзёжны форум ускладаннем кветак да помніка «Спаленым вёскам».
Сваімі думкамі пра прафсаюзны рух аграпрамысловага комплексу падзяліліся ўдзельнікі форуму.
Анастасія Шынкевіч:
— Працую на СВК «Ляхавіцкі». У гэтым годзе мяне абралі намеснікам старшыні нашай пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, таму на падобным форуме знаходжуся ўпершыню. Насамрэч вельмі пазнавальна. Шмат новых людзей, цікава пагутарыць і даведацца нешта новае. Дыялогавая пляцоўка дазволіла адкрыць дарогу новым ведам, якія хацела б прымяніць на практыцы.
Ганна Дзяцел:
— З’яўляюся старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі УП «Ляхавіцкая раённая ветэрынарная станцыя». На гэтым форуме атрымала шмат станоўчых эмоцый. Гэта падштурхоўвае прыўнесці нешта новае і карыснае ў работу нашай арганізацыі. Форум мне вельмі спадабаўся.
Антон Барташ:
— Праходжу практыку на прадпрыемстве ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Мне тут вельмі падабаецца, калектыў дружны і заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. Гэта з’яўляецца выдатным стымулам для таго, каб працягваць развівацца як спецыяліст. Планую працаваць на гэтым прадпрыемстве і далей.
Руслан Басак.
Фота Кацярыны Масік
Яшчэ больш фотаздымкаў — у нашых групах: https://vk.com/album-23306785_299868388 і https://ok.ru/budni/album/971712277640