Четверг, 16 января 2025

У Пружанах праходзіць абласная спартакіяда школьнікаў па веласпорце

236

17 мая, напярэдадні Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту, які адзначаецца сёння, у Пружанах стартавала абласная спартакіяда школьнікаў па веласпорце.

У адкрыцці спартакіяды прыняў удзел галоўны спецыяліст райвыканкама па фізічнай культуры, спорце і турызме Аляксей Лапыка і метадыст аддзела па адукацыі райвыканкама Ангеліна Круковіч.

Як расказаў галоўны суддзя спартакіяды, суддзя нацыянальнай катэгорыі Анатолій Замушынскі, удзел у спаборніцтвах прымаюць пяць каманд з Пружанскага і Баранавіцкага раёнаў, таксама з гарадоў Брэст, Баранавічы, Бяроза агульнай колькасцю 60 чалавек. Барацьбу за прызавыя месцы вядуць школьнікі 2007-2010 гадоў нараджэння. У праграму спартакіяды ўваходзяць індывідуальная гонка, камандная эстафета, групавая гонка, гонка-крытэрыум. Па выніках спартакіяды пераможцы маюць магчымасць увайсці ў склад зборнай каманды Брэсцкай вобласці, якая будзе прадстаўляць наш рэгіён на рэспубліканскай спартакіядзе 12 чэрвеня ў Гомелі.

Каманда веласіпедыстаў Пружанскага раёна складаецца з васьмі чалавек – пяці хлопчыкаў і трох дзяўчынак. З 2010 года трэніруе каманду трэнер-выкладчык Брэсцкай СДЮШАР Юрый Валкавыцкі.

Пажадаем нашым юным спартсменам перамогі!

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік

Ад рэдакцыі. Калі вярстаўся нумар газеты, сталі вядомы вынікі індывідуальнай гонкі першага дня спаборніцтваў. Сярод дзяўчат першае месца заняла Валерыя Хоміч (г. Брэст), другое – Варвара Лук’янчук (г. Брэст) і трэцяе – Алена Балабуева (г. Баранавічы); сярод юнакоў на першым месцы Дзяніс Бараноўскі (г. Пружаны), другім – Андрэй Малышкін (г. Брэст), трэцім – Раман Мергес (г. Брэст).

Па выніках першага дня спаборніцтваў камандныя вынікі наступныя: першае месца ў каманды г. Брэста (135 ачкоў), другое – г. Пружаны (74 ачкі), трэцяе – г. Баранавічы (46 ачкоў), чацвёртае – Баранавіцкага раёна (26 ачкоў), пятае – Бярозаўскага раёна (23 ачкі).

У другі дзень спаборніцтваў праводзілася камандная эстафета, у якой з вынікам 33 хвіліны 56 секунд лідзіруе каманда з г. Брэста, другое месца з вынікам 38.20 у каманды з г. Баранавічы, змешаная каманда Бяроза-Брэст з вынікам 38.43 стала трэцяй, але за гэта ачкі не атрымлівае. Пружанская каманда з вынікам 39.54 стала чацвёртай, а каманда Баранавіцкага раёна з вынікам 47.05 заняла пятае месца. У выніку другой гульні па суме ачкоў месцы захаваліся такімі ж, як і ў першы дзень спаборніцтваў.

Фотаальбомы з мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_293102439 і https://ok.ru/budni/album/961292013192