У актавай зале СШ №4 адбыўся пяты дабрачынны інтэлектуальны турнір «Ў».
На гэты раз высветліць, хто самы разумны, і дапамагчы ад-дзяленню дзённага знаходжання маладых інвалідаў падахвоцілася сем каманд. Што адметна, толькі тры з іх — мясцовыя. Ажно дзве каманды юных гульцоў прыехала са сталіцы, па адной камандзе — з Бярозы і Белаазёрска.
Як і ў мінулыя гады, аўтарам амаль усіх пытанняў і вядучым выступіў Андрэй Смоляр. Тур «Што? Дзе? Калі?» быў падрыхтаваны госцем з Мінска — Ігарам Сячко, а відэапытанні задавалі вядомыя людзі, сярод якіх быў беларускі знаўца Леанід Клімовіч і стваральнік мультфільма «Масяня» — Алег Куваеў.
У выніку ў двух з трох тураў лідарства захапілі госці з Бярозы — каманда «Посторонним В.», што і дазволіла ім упэўнена перамагчы. Дарэчы, гэтай камандзе не ўпершыню дастаецца пружанскі кубак.
Другое і трэцяе месцы засталіся за пружанцамі — на іх размясціліся каманды «Міля» і «Лянота цюленя» адпаведна.
Усе ўдзельнікі атрымалі падзячныя граматы, а пераможцы і прызёры таксама сувеніры, зробленыя рукамі маладых інвалідаў.
Кацярына Пашкевіч, Кацярына Масік (фота).