Суббота, 18 января 2025

У Пружанах прайшоў мітынг-рэквіем ля помніка «Спаленым вёскам»

1 528

Напярэдадні чарговай гадавіны Хатынскай трагедыі, якая адбылася 22 сакавіка 1943 года, у Беларусі прайшло мноства мерапрыемстваў у памяць аб страшных падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Зачынальнікам і арганізатарам шэрагу іх стаў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі: юнакі і дзяўчаты прынялі ўдзел у акцыі “Сёстры Хатыні”. Падчас яе ў краіне было добраўпарадкавана больш за 120 месцаў воінскай славы, мемарыялаў і абеліскаў.
21 сакавіка адбылася ўсебеларуская малітва ў памяць аб усіх спаленых вёсках і тысячах загінулых сем’яў. Дэлегацыі з розных рэгіёнаў краіны, каб аддаць даніну памяці, наведалі мемарыяльны комплекс “Хатынь”, дзе ўсклалі кветкі.


У Пружанцаў ёсць сваё памятнае месца – устаноўлены ў 2005 годзе помнік “Спаленым вёскам”. Менавіта ля яго ў мінулую суботу прайшоў мітынг-рэквіем. У мерапрыемстве прыняў удзел старшыня Брэсцкага аблвыканкама Ю.В. Шулейка. Юрый Вітольдавіч адзначыў, што ён наведаў мітынг у Пружанах нездарма: на тэрыторыі нашага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны фашысцкімі карнікамі было спалена ажно 57 вёсак.


— Для ўсяго беларускага народа гэта вялікая трагедыя, калі гінуць людзі, сціраюцца з твару зямлі вёскі, знішчаецца мінулае. Памяць аб гэтым мы павінны захоўваць і перадаваць дзецям і ўнукам. Каб яны ведалі, праз якія цяжкасці прыйшлося прайсці продкам і што фашызму няма месца ў нашай краіне, а вайна не павінна паўтарыцца, — адзначыў старшыня аблвыканкама.


Само мерапрыемства Юрый Вітольдавіч назваў “акцыяй жыцця”, бо памяць пра спаленыя вёскі і іх жыхароў жывая, пакуль мы памятаем і шануем:
— І няхай памяць гэтая будзе вечнай, — падвёў рысу губернатар.


Перад прысутнымі выступіла былая малалетняя вязень канцлагера “Азарычы” Соф’я Сяргееўна Карпей. Падчас яе аповеду пра тыя страшныя часы, сведкамі якіх яна стала ў 10-гадовым узросце, многія не маглі стрымліваць слёз, а мамы, якія прыйшлі на мітынг з дзецьмі, мацней прыціскалі малых да сябе. Пасля ў інтэрв’ю нават губернатар адзначыў, што гэтыя словы кранулі і яго.


Соф’я Сяргееўна трапна заўважыла, што каб не вайна і жудасныя зверствы фашыстаў, многія з тых, каго сёння ўспаміналі на мітынгу, маглі б стаяць тут разам з намі. Лёс вырашыў інакш, і наша задача прыкласці ўсе намаганні, каб такое больш ніколі не паўтарылася.


— Цяпер я пажылы чалавек. Хаджу ў царкву, малюся Богу, каб такога больш не здарылася не толькі ў нашай краіне, але і на ўсёй планеце. Колькі ў мяне будзе хапаць сіл – буду наведваць навучальныя ўстановы і выступаць перад моладдзю. Разам мы павінны ўтрымаць мір і нікому не аддаць нашу краіну.


Старшыня гарадскога маладзёжнага парламента Аліна Тарасевіч выступіла са шчырай прамовай:
— Наша Беларусь заўсёды была ў эпіцэнтры еўрапейскіх падзей, але самай страшнай старонкай гісторыі засталася Вялікая Айчынная вайна. Нашы продкі ўнеслі вырашальны ўклад у разгром фашызму. Дзякуючы ім, мы не чулі гуку сірэн, не ведаем, што такое халоднае жыллё і бедны ваенны паёк. Нам цяжка ўявіць, што чалавечае жыццё можна забраць з такой жа лёгкасцю, як ранішні сон… Таму мы павінны памятаць, што Перамога – гэта не толькі радасць, але і бясконцы смутак.


Благачынны цэркваў Пружанскага раёна, настаяцель Аляксандра-Неўскага сабора г. Пружаны протаіерэй Міхаіл Носка заклікаў выконваць запаведзі Божыя:
— Важна прытрымлівацца запаведзяў і захоўваць мір. Мір у адносінах чалавека з чалавекам, мір у сям’і, мір у грамадстве, між паміж краінамі. Інакш наступае дэградацыя і пачынаюцца войны і катаклізмы. Месца, у якім мы сёння сабраліся, – жывы напамін для ўсіх нас.
Закончыў сваё выступленне святы айцец малітвай у памяць загінуўшых.


Мітынг-рэквіем атрымаўся вельмі кранальным. Вядучыя мерапрыемства Алёна Жмайлік і Алег Строк узгадалі вёскі Пружаншчыны, якія былі спалены і не адноўлены і іншыя факты зверстваў фашыстаў.


Драматычны настрой быў выдатна вытрыманы і дзякуючы выступленням творчых калектываў.


Добрым знакам усім падаўся птушыны клін, які раптам з’явіўся прама над помнікам. Абуджаецца прырода. Птушкі вяртаюцца ў свае гнёзды – значыць, жыццё працягваецца. І наш абавязак зрабіць так, каб неба надзямлёй заўсёды было мірным.


Закончыўся мітынг мінутай маўчання і ўскладаннем кветак да помніка. Лейтматывам мерапрыемства гучалі словы: “Не забудзем — не даруем”. Хочацца выказаць спадзяванне, што і не паўтарым…


У гэты ж дзень старшыня Брэсцкага аблвыканкама Ю.В. Шулейка наведаў ААТ “Пружанскі льнозавод”. Юрый Вітольдавіч азнаёміўся з вытворчасцю і ацаніў прадукцыю прадпрыемства.

Дырэктар таварыства М.С Жогал паказаў тэхніку, расказаў пра тэхналогіі (у тым ліку і новыя, якія пастаянна ўкараняюцца на прадпрыемстве), не без гонару адзначыў высокія заработныя платы ў сезон і нават прадэманстраваў цікавыя мастацкія аб’екты, якія ёсць на тэрыторыі завода.

Кацярына Пашкевіч. Фота Кацярыны Масік.