Які хлопец не марыць аб ідэальнай фігуры, атлетычным целе і, само сабой, кубіках прэсу? Вось толькі для таго, каб узяцца за сябе, у многіх не хапае часу, а часта і жадання. Але 14 удзельнікаў адкрытага турніру Street Workout, што прайшоў у Пружанах у мінулую суботу, не проста мараць, а смела крочаць да мэты.
Нягледзячы на тое, што турнір праходзіў упершыню, паглядзець на спартсменаў сабралася даволі многа людзей. Яно і не дзіўна: пазайздросціць спрыту і фізічнай падрыхтоўцы хлопцаў у чорных майках з лагатыпам спартыўнага клуба “Мухавец” можа кожны.
Спаборніцтвы складаліся з двух дысцыплін – трохбор’я і фрыстайла. Удзельнікамі першай сталі 13 хлопцаў, якім неабходна было падцягнуцца на перакладзіне, адціснуцца ад зямлі і на брусах. Пераможца вызначаўся па максімальнай колькасці выкання гэтых практыкаванняў. Паказаць сябе ў фрыстайле, своеасаблівай вольнай праграме, вырашылі пяцёра спартсменаў. І тут кожны прадэманстраваў усё, на што здольны: хлопцы здзіўлялі сілавымі, статычнымі і дынамічнымі элементамі, якія камбінаваліся ў своеасаблівыя звязкі. Адзіным абмежаваннем быў час выступлення – да двух мінут, пры гэтым віталася крэатыўнасць удзельнікаў.
Па выніках турніру прызавыя месцы ў трохбор’і размеркаваліся наступным чынам: бронзу атрымаў Яўгеній Крысевіч, другое месца ва Уладзіслава Буцько, абсалютным пераможцам дысцыпліны стаў Кірыл Кунда.
Вызначыліся падчас турніру лепшыя спартсмены і ў кожным з практыкаванняў. Імі сталі… хлопцы, ужо пералічаныя вышэй! Уладзіслаў здзівіў усіх колькасцю падцягванняў на перакладзіне (25 разоў), Яўген адціснуўся ад зямлі адно 63 разы, а Кірыл – 49 разоў на брусах.
Сярод фрыстайлістаў не было роўных Уладзіславу Князеву, на другім месцы – Ілья Навумавец, замыкае прызавую тройку Іван Валанчус. За волю да перамогі судзейскай калегіяй былі адзначаны Алег Хаманенкаў, Мікіта Грамыка і Кірыл Багдановіч.
У секцыі па вулічным варкаўце вельмі спадзяюцца, што правядзенне турніру – добрае пачынанне, якое абавязкова будзе працягнута. У планах арганізоўваць такія спаборніцтвы як мінімум двойчы на год – напачатку сезона і ў канцы менавіта на варкаўт-пляцоўцы, што з’явілася ў скверы каля вуліцы Я.Купалы ў красавіку мінулага года і падштурхнула да актыўнага развіцця варкаўту ў райцэнтры.
Убачыўшы цікавасць юнакоў да гэтага моладзевага руху, у РФСК “Мухавец” узнікла ідэя стварэння секцыі па вулічным варкаўце. Яе падтрымаў намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч, а ідэйным натхняльнікам стала Вікторыя Шаманава. Пры садзейнічанні інспекцыі па справах непаўналетніх у межах праграмы па сацыяльнай рэабілітацыі і сацыялізацыі былі адабраны хлопцы з сем’яў, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама падлеткі, у адносінах якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная праца. Менавіта яны і складаюць асноўны касцяк секцыі, што была створана напачатку лета. На пастаяннай аснове сёння тут займаюцца 12 чалавек ва ўзросце ад 13 да 16 гадоў – хлопцы з Лінова, Новых Засімавічаў і Пружан. Акрамя Вікторыі дапамагае ім будаваць сваё цела Дзмітрый Кукса, які не мае спецыяльнай фізкультурна-спартыўнай адукацыі, але сем гадоў прафесійна займаецца гэтым відам спорту і з’яўляецца прызёрам шматлікіх спаборніцтваў.
Дарэчы, спорт сапраўды стаў верным сябрам хлопцаў. Як адзначылі ў ІСН, дзякуючы наведванню секцыі ў іх змянілася кола зносін і інтарэсы. Больш за тое, падлеткамі не ўчынена ніводнага правапарушэння за час канікул. Яно і не дзіўна, бо асноўная мэта, да якой імкнуцца ў секцыі, з’яднаць хлопцаў, развіць іх фізічныя здольнасці і навучыць камунікаваць адзін з адным.
Калі вы таксама хочаце далучыцца да трэніровак, раю завітаць на варкаўт-пляцоўку. Хлопцы збіраюцца тут па аўторках, чацвяргах і суботах з 20 да 21 гадзіны. Трэнеры запэўніваюць: няма ніякіх абмежаванняў па ўзросце і спартыўнай форме, у якой знаходзіцца чалавек. Галоўнае – пачаць і прыкладваць намаганні, тады і вынік не прымусіць сябе чакаць.
Пра сваю матывацыю да заняткаў варкаўтам расказалі ўдзельнікі секцыі Уладзіслаў Буцько і Яўген Крысевіч.
— Займацца варкаўтам я пачаў у пазамінулым годзе, – кажа Уладзіслаў. – Гісторыя майго сяброўства з гэтым відам спорту даволі цікавая. Справа ў тым, што раней я займаўся веласпортам. Хутка зразумеў, што гэта не маё. Хаця абсалютна ўсе – і бацькі, і родныя – актыўна падтрымлівалі, матывацыі не было зусім, таму секцыю вырашыў кінуць. І знайшоў сябе менавіта ў варкаўце. Займацца пачаў сам на дваравых і школьных турніках, перад гэтым глядзеў відэа ў інтэрнэце. Ну, і неяк закруцілася, з часам змог выконваць даволі складаныя элементы, а пасля прыйшоў у секцыю і пачаў займацца больш сур’ёзна. Вельмі дапамагае наш трэнер Дзмітрый. На пляцоўцы я цяпер самы вопытны, таму часам падказваю нешта і іншым хлопцам.
– Гэта сапраўды так, – дапаўняе Яўген. – Улад – мой стрыечны брат. Праўду кажуць: калі адзін пойдзеш – недалёка зойдзеш, калі з братам – горы абыдзеш. Менавіта Улад прапанаваў мне займацца, пачаў трэніраваць мяне, навучыў многім сілавым элементам. Калі ішоў на турнір, то на прызавое месца нават не разлічваў, вынік аказаўся зусім іншым, і ім я вельмі задаволены. Вельмі б рэкамендаваў хлопцам займацца варкаўтам, бо гэта від спорту, які толькі развіваецца, і ў якім прагрэсу дасягнуць можа кожны, пры гэтым прагрэс – навідавоку.
Уладзіслаў Шпарла, фота аўтара.