Понедельник, 2 декабря 2024

У Пружанах прайшла абласная спартакіяда сярод выкладчыкаў фізкультуры. Хто святкаваў перамогу?

757

З 19 па 21 снежня на базе Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа была праведзена абласная спартакіяда сярод кіраўнікоў фізічнага выхавання і выкладчыкаў фізічнай культуры і здароўя, якія працуюць ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Напэўна, ніхто не стане спрачацца, што такія мерапрыемствы выдатна папулярызуюць здаровы лад жыцця не толькі сярод выкладчыкаў і настаўнікаў фізкультуры, але і сярод моладзі.

Усе ўдзельнікі спаборніцтваў падзяліліся на 3 каманды па геаграфічным прынцыпе. Былі створаны тры зоны: Баранавіцкая, Брэсцкая і Пінская. Прадстаўнікі Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа ўвайшлі ў Баранавіцкую зону. Усяго ўдзел у мерапрыемстве прынялі 30 выкладчыкаў фізічнай культуры і здароўя.

У праграму спартакіяды былі ўключаны наступныя віды спорту: валейбол, баскетбол (штрафны кідок), стральба з пнеўматычнай вінтоўкі стоячы, дартс, настольны тэніс, більярд, шахматы і шашкі.

Як адзначыў галоўны суддзя спаборніцтваў, кіраўнік фізічнага выхавання аграрна-тэхнічнага каледжа Аляксандр Хурсевіч, удзельнікі з азартам і захапленнем ставіліся да ўсіх відаў спартакіяды. Не дзіўна: здаровая канкурэнцыя ўсё жыццё суправаджае сапраўдных спартсменаў.

Па выніках абласных спаборніцтваў у агульным заліку перамогу і пераходны кубак атрымала Пінская каманда, таксама па кожным відзе спорту былі вызначаны лепшыя ўдзельнікі.

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік