Воскресенье, 8 декабря 2024

У Пружанах пасля вымушанага перапынку правялі агульнагарадскі выпускны (+многа фота)

1 447

На працягу свайго развіцця і сталення мы сутыкаемся з падзеямі-рубяжамі, якія знамянуюць завяршэнне пэўнага этапу нашай гісторыі і з’яўляюцца пачаткам новага перыяду. Падчас гэтых зменаў чалавека чакаюць яскравыя сполахі, нібы метэоры на звыклым вечаровым небе… 10 чэрвеня ў вір бурлівых пачуццяў паглыбіліся 226 выпускнікоў устаноў адукацыі Пружанскага раёна, якія 11 доўгіх гадоў з рашучасцю і трапятаннем чакалі сваёй галоўнай урачыстасці.

Выпускныя вечары прайшлі ў вясковых і пасялковых школах раёна, а ў райцэнтры — пасля вымушанага працяглага перапынку — быў арганізаваны агульнагарадскі выпускны.

Маладыя людзі паспяхова здалі цэнтралізаваныя экзамены, наперадзе іх чакаюць іспыты ў выглядзе цэнтралізаванага тэсціравання. А паміж няпростымі выпрабаваннямі — перапынак у выглядзе кранальнага свята маладосці. Вось такая шматзначная аналогія з дарослым жыццём: паўсядзённасць і «шэрыя будні» часам будуць разбаўляцца вельмі эмацыйнымі падзеямі.

Пружанцы, якія шпацыравалі па гарадскім парку ў мінулы суботні вечар, сталі відавочцамі сапраўды казачнай гісторыі. Спадчына Швыкоўскага, напэўна, даўно не бачыла такой канцэнтрацыі прыгожых і шчаслівых людзей. Справа ў тым, што менавіта адсюль пачалося святочнае шэсце выпускнікоў па вуліцы Савецкай.

Калона спынілася каля помніка «Спаленым вёскам», каб ускласці кветкі ў памяць аб тых, каму не было наканавана зведаць шчаслівай маладосці… Пасля памятнай цырымоніі галоўныя героі дня перамясціліся на плошчу каля Палаца культуры, дзе іх чакала ўрачыстасць — парад «Выпускнік 2023 года».

У той вечар 135 маладых людзей з гарадскіх устаноў адукацыі атрымалі атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі — свой першы сур’ёзны дакумент, які адкрыў ім дарогу ў самастойнае дарослае жыццё. 11 вучняў, якія дасягнулі высокіх вынікаў па ўсіх школьных прадметах, былі ўзнагароджаны залатымі медалямі.

Выпускнікоў горада Пружаны віншаваў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч.

— Момант выпускнога вечара з’яўляецца непаўторным. У гэтыя шчымліва ўсхваляваныя мінуты, калі вы яшчэ моцна трымаеце за руку дзяцінства і няўпэўнена, але з цікавасцю працягваеце далонь будучыні, жадаю вам зрабіць правільны выбар далейшага шляху, мэтанакіраванасці ў пераадольванні ўсіх цяжкасцей. Заставайцеся людзьмі ў любой сітуацыі і памятайце, што ў вас працяг гісторыі Пружаншчыны! — сказаў Міхаіл Міхайлавіч.

Дырэктары ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі горада далі мудрыя настаўленні сваім ужо былым адзінаццацікласнікам. Кіраўнікі школ падкрэслілі, што адчуваць хваляванне перад невядомасцю нармальна і пажадалі не страціць задор, энергію, радасць.

Пераломныя моманты ў жыцці не адбываюцца без бацькоўскай падтрымкі. І натуральна, што на такога роду ўрачыстасцях мамы і таты таксама бяруць слова, каб надаць дзіцяці веру ў сабе, упэўненасць у фундаментальных рэчах — сям’і і каханні. Шмат эмоцый і ўзрушаных слёз выклікалі песня бацькоў вучняў з СШ № 5 і выступленне сямейнай пары Падлужных.

Прысутнічалі на свяце развітання з дзяцінствам пераемнікі дарослых і смелых выпускнікоў — маленькія і сарамлівыя першакласнікі з СШ № 4. Разам з першым настаўнікам Вольгай Сахарэвіч яны звярнуліся да «дзядзяў і цёцяў са стужкамі» з найлепшымі пажаданнямі.

Першыя настаўнікі, класныя кіраўнікі, запрошаныя педагогі — людзі, якія аддавалі не толькі веды і навыкі, але і шчыра дзяліліся часцінкамі свайго сэрца з кожным вучнем, — былі не менш узрушаны момантам развітання. Шмат цёплых, запамінальных настаўленняў былі выказаны творцамі дзіцячых душ.

Як доказ даросласці і заява аб мужнасці гучалі ў адказ словы выпускнікоў. Яны дзякавалі школе, настаўнікам, бацькам, сябрам, дзяцінству за ўсе яскравыя моманты, светлыя ўспаміны, атрыманы вопыт, якія захаваюцца на ўсё жыццё.

Калі выпускнікі выйшлі з галубамі ў руках, стала зразумела, што бесклапотная пара скончылася, настаў час «адпускаць дзяцінства». Усе прысутныя з заміраннем сэрца глядзелі, як запаветныя мары маладых людзей разам з птушкамі вырваліся на свабоду…

Фінальным акордам свята стаў развітальны вальс і гімн выпускнікоў, які спявалі гучна, шчыра, упэўнена.

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы з выпускнога: https://vk.com/album-23306785_293680402 і https://ok.ru/budni/album/962733897608