Вторник, 18 февраля 2025

У Пружанах пачалася вакцынацыя дзяцей. Пра яе аспекты расказвае галоўны ўрач Пружанскага раённага ЦГіЭ Кацярына Папко

1 655

У Беларусі пачалася вакцынацыя дзяцей ад каранавіруснай інфекцыі. Сёння ў жыхароў раёна таксама з’явілася магчымасць вакцынаваць супраць інфекцыі COVID-19 сваіх дзяцей.

Фота з адкрытых крыніц (носіць ілюстрацыйны характар)

Галоўны ўрач Пружанскага раённага ЦГіЭ Кацярына Папко:

— Мы атрымалі інактываваную вакцыну «VeroCell» ад кітайскага вытворцы «Sinopharm», прызначаную для двухразовай вакцынацыі дзяцей 12-17 гадоў. У далейшым магчымы паступленні іншых вакцын для імунізацыі дзяцей розных узростаў.

Вакцынацыя дзяцей праводзіцца з пісьмовай згоды бацькоў (апекуноў) у арганізацыях аховы здароўя раёна, а таксама ва ўстановах адукацыі выязнымі брыгадамі — пасля правядзення агляду, апытання і (пры неабходнасці) іншых абследаванняў. Калі школьнік хварэў на COVID-19, то прышчапіць яго можна будзе толькі праз паўгода пасля перанесенай хваробы.

Хочацца заўважыць, што ў 2021 годзе дзеці да 18 гадоў склалі 13,8 працэнта ад усіх хворых на COVID-19. Мелі месца нават факты шпіталізацыі і цяжкага цячэння каранавіруснай інфекцыі ў дзяцей.

Трэба ўлічваць і тое, што дзеці і падлеткі становяцца сур‘ёзнай крыніцай распаўсюджвання інфекцыі: ім больш складана, чым дарослым, выконваць рэспіраторны этыкет і выкарыстоўваць у школе сродкі індывідуальнай абароны. У той жа час яны вядуць актыўны лад жыцця, маюць зносіны паміж сабой, а таксама з пажылымі членамі сям‘і.

Таму бацькі абавязаны прыняць усе прафілактычныя меры, каб абараніць і сваіх дзяцей, і сябе.