На гэтым тыдні адбылося ўрачыстае мерапрыемства па закладцы памятнай алеі ў гонар 80-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Удзел у гэтым мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі райвыканкама, Пружанскага лясгаса, дашкольнага лясніцтва «Ваверчаняты-экальчаты», якое функцыянуе на базе дзіцячага сада № 3 г. Пружаны і грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» з навучэнцаў сярэдняй школы № 4 г. Пружаны.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама Аляксандр Момлік у прывітальнай прамове падкрэсліў важнасць падзеі, у гонар якой закладваецца гэтая алея.

— Месца закладкі памятнай алеі выбрана не выпадкова. Мы пасадзім маладыя дрэвы побач з помнікам савецкім лётчыкам, якія змагаліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Гэта вельмі важнае месца для горада і раёна. Паступова мы яго добраўпарадкоўваем: быў абноўлены сам помнік, да яго паклалі тратуарную плітку. Цяпер прыйшоў час для высадкі маладых дрэў. Наша мэта — зрабіць дадзенае месца як мага больш камфортным для ўсіх яго наведвальнікаў.

Удзельнікі акцыі працавалі плённа і акуратна, каб саджанцы напэўна прыжыліся на новым месцы. Самыя вопытныя лесаводы, работнікі Пружанскага лясгаса, высаджвалі саджанцы разам з вучнямі чацвёртнай школы, а нашы самыя юныя абаронцы зялёнага багацця «ваверчаняты-экальчаты» палівалі дрэўцы пасля пасадкі.

Такое прадукцыйнае ўзаемадзеянне ўдзельнікаў акцыі дазволіла хутка справіцца з пастаўленай мэтай. Усе прысутныя зрабілі вельмі важную і карысную працу, якая дазволіла стварыць яшчэ больш прыемныя ўмовы для наведвання гэтага важнага для ўсіх гараджан і не толькі месца.

Вынікі падвяла намеснік кіраўніка арганізацыі па ідэалагічнай рабоце Пружанскага лясгаса Ірына Раманюк.

— Гэтае мерапрыемства сапраўды вельмі важнае і карыснае. І склад яго ўдзельнікаў падабраны таксама невыпадкова, прафесіяналы сваёй справы перадаюць свой вопыт больш юным, але ўжо не абыякавым да нашага зялёнага багацця, людзям. Гэта дазваляе прывіваць нашай моладзі правільныя каштоўнасці. Дзеці і падлеткі павінны клапаціцца аб навакольным асяроддзі, таму акцыі каля такіх месцаў, з такім складам удзельнікаў — гэта выдатная магчымасць прыцягнуць увагу нашага маладога пакалення да экалогіі і захаваць гістарычную памяць у цэлым. Таксама хочацца падзякаваць усім удзельнікам акцыі «Аднавім лясы разам», якія аказалі дапамогу нашай установе ў лесааднаўленчых работах. Спадзяёмся на такое ж плённае супрацоўніцтва і надалей, — адзначыла Ірына Васільеўна.

У гэтым годзе ўдзел у акцыі «Аднавім лясы разам» прыняло мноства школ Пружанскага раёна: Кляпацкая, Параслянская, Ліноўская, Навасёлкаўская, Шчарчоўская, Магілявецкая, Ружанская, Шарашоўская, а таксама гарадскія школы № 3, 4, 5. Не засталіся ўбаку і многія арганізацыі, такія як ААТ «Жураўлінае», Пружанская цэнтральная раённая бальніца, Пружанскі РАНС, Пружанскі РАУС, Пружанскі раён газазабеспячэння, інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Пружанскім раёне, прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пружанскім раёне. У акцыі прынялі ўдзел установы: папраўчая калонія № 7, вузел сувязі воінскай часці 57314, 210-ы авіяцыйны палігон. Не абышлося і без удзелу Пружанскага райвыканкама і сельвыканкамаў, сярод якіх былі: Зеляневіцкі, Шчарчоўскі, Пружанскі, Шарашэўскі, Велікасельскі, Сухопальскі. Некаторыя ўстановы толькі збіраюцца прыняць удзел у акцыі. Далучыцца да яе можаце і вы! Для гэтага дастаткова да 20 красавіка ўключна звярнуцца ў бліжэйшае лясніцтва, дзе вас забяспечаць пасадачным матэрыялам і пакажуць участак для пасадкі.

Пружанскі лясгас выказвае вялізарную падзяку ўсім, хто неабыякавы да нашага лесу і экалогіі!
Руслан Басак.
Фота аўтара
Больш фотаздымкаў глядзіце ў альбомах: https://vk.com/album-23306785_302283210 і https://ok.ru/budni/album/977415738760