Среда, 19 февраля 2025

У Пружанах адбылося свята таленту, майстэрства, прыгажосці і ўсмешак — «Лесвіца поспеху»

1 271

Надыходу самага цёплага сезона і, канечне, пары адпачынку з нецярпеннем чакалі ўсе дарослыя. Але, мабыць, куды больш радаваліся першаму чэрвеня дзеці. Гэты дзень сведчыць аб пачатку самых доўгіх канікулаў, якія гарантуюць тры месяцы без урокаў і хатніх заданняў. А яшчэ 1 чэрвеня – Міжнародны дзень абароны дзяцей.

Вось і вечарам у аўторак гаспадарамі цэнтральнай плошчы Пружан сталі самыя маленькія жыхары раёна. Дзяцей і іх бацькоў чакала сапраўднае свята таленту, майстэрства, прыгажосці і ўсмешак.

«Лесвіца поспеху» сабрала на адной сцэне дзяцей, якія займаюцца ў школах мастацтваў, СДК і гарадскім Палацы культуры. Яны спяваюць і танцуюць, малююць і іграюць на музычных інструментах. Словам, крок за крокам, нібыта па прыступках, ідуць да сваёй мэты. На раённым свяце дзеці паказалі тое, чаму здолелі навучыцца за год.

Але напачатку мерапрыемства яго гасцей чакаў урачысты і адначасова шчымлівы момант. Да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун. Кіраўнік раёна падкрэсліў, што місія любой жанчыны – стаць маці, нарадзіць і выхаваць дзяцей. «Няма больш прыгожай карціны, чым бачыць маму, акружаную, як сонейкамі, маленькімі дзецьмі, у якіх заключаны сэнс яе жыцця», — адзначыў Юрый Юр’евіч.

Затым старшыня райвыканкама ўручыў жанчынам заслужаныя ўзнагароды — ордэны Маці. Пачынаючы з 2005 года, іх атрымала 70 жыхарак раёна. У гэты дзень за нараджэнне і выхаванне пяці дзяцей высокай узнагароды ўдастоены бухгалтар цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Таццяна Жалязоўская, а таксама медсястра аддзялення агульнай урачэбнай практыкі паліклінікі Жанна Францэвіч.

Як расказала Таццяна Мікалаеўна карэспандэнту, сям’я для яе — мір, згода, сапраўдная падтрымка і апора. Жанчына шчыра прызналася: спачатку разам з мужам Андрэем Віктаравічам планавалі дваіх дзетак. А вось тое, што сталі ў выніку шматдзетнымі бацькамі, лічаць сапраўдным Божым дарам. Зараз яны выхоўваюць траіх дочак — Марыю, Надзею, Міраславу і сыночкаў Мікалая і Івана.

Сем «я» — так можна сказаць і пра сям’ю Францэвічаў. Павел, Максім, Таццяна, Марыя і Маргарыта — так завуць дзетак Жанны Рыгораўны і Анатоля Сцяпанавіча. Усе справы стараюцца рабіць разам, ды і бавіць час таксама. Хіба не ў гэтым сямейнае шчасце?

А яшчэ шчасце для бацькоў — бачыць поспехі сваіх дзяцей, ганарыцца іх выступленнямі. Падчас раённага свята дзіцячай творчасці «Лесвіца поспеху» сваіх мам і татаў, а таксама ўсіх, хто сабраўся каля сцэны на вуліцы Савецкай, парадавалі выхаванцы танцавальных і інструментальных калектываў, салісты студый эстрадных спеваў.

Сімвалічна, што адкрылася канцэртная праграма песняй пра маміны вочы. Яе выканалі салісты ўзорнага хору «Вітанак» ДШМ імя Р.Р.Шырмы. Тое, як важная роля педагога ў навучанні малых, выдатна паказала выступленне хору малодшых класаў Ліноўскай ДШМ. Дзеткі разам з мастацкім кіраўніком Наталляй Нікітчык выканалі песню «Што кліча птушку».

А вось вучні СШ №5 сваім творчым нумарам паспрабавалі адказаць на пытанне «Для чаго патрэбны дзеці?».
Здолелі зачараваць танцавальнымі выступленнямі падчас свята выхаванцы калектыву «Задоранкі» Навазасімавіцкага СДК, студыі эстраднага танца «Амялі» Палаца культуры, харэаграфічных аддзяленняў Ружанскай і Ліноўскай ДШМ, танцавальнага калектыву «Забава» Мураўскай ДШМ.

Дзяўчынкі з узорнага ансамбля эстраднага танца «Рубікон» Палаца культуры сваім нумарам даказалі, што ўжо гатовыя хадзіць на лабутэнах. Выхаванцы танцавальнага гурта «Іскрынка» Мураўскага СДК, ну, вельмі хацелі на дыскатэку. Уласна, і зладзілі яе прама на сцэне. Пранікнёным было выступленне «Свет без вайны» ад удзельнікаў ансамбля танца «Пацешкі» ДШМ імя Р.Р. Шырмы. Закруціўся ў танцы пад песню «Сэрца беларуса» і калектыў «Круцёлачкі» з Палаца культуры.

Апладысменты гледачоў сарвалі юныя скрыпачы са струннага ансамбля малодшых класаў «Скрыпалікі» і інструментальнага ансамбля «Каларыт» ДШМ імя Р.Р.Шырмы. Узнялі настрой і выступленні юных спевакоў.

Пра што ці пра каго спявалі дзеці? Лізавета Горбань са Старавольскага СДК — пра тату, Валерыя Похар — пра матулю, а саліст Шарашоўскай ДШМ Ілья Крываблоцкі – пра летнія канікулы ў бабулі. Пра лета і юнацтва гучалі песні.

Побач са сцэнай разгарнулася выстава творчых работ. Яны былі зроблены рукамі дзетак з усяго нашага раёна, якія займаюцца ў розных гуртках. Юныя майстры, як і ўсе ўдзельнікі фестывалю, атрымалі граматы і сувеніры.

Калі канцэртная праграма завяршылася, вядучыя саступілі месца заліхвацкім танцам і весялосці. А дакладней, фестывалю фарбаў.

Цэнтральная плошча літаральна ў імгненне запоўнілася яркімі колерамі і ўсмешкамі. Дзеці з задавальненнем скакалі і, безумоўна, радаваліся. Вельмі хочацца спадзявацца, што лета ва ўсіх маленькіх жыхароў раёна будзе такім жа яркім, як гэты фестываль. І што кожны з іх ні ў якім разе не аступіцца на шляху да сваёй «лесвіцы поспеху».

Уладзіслаў ШПАРЛА, Кацярына МАСІК (фота)

Больш фотаздымкаў — на нашых старонках у сацыяльных сетках Укантакце і Аднакласнікі.