Пятница, 23 мая 2025

У Пружанах 105-годдзю УЛКСМ прысвяцілі ўрачыстае мерапрыемства (+многа фота)

338

У нядзелю, 29 кастрычніка, Усесаюзнаму ленінскаму камуністычнаму саюзу моладзі споўнілася 105 гадоў. Напярэдадні юбілейнай даты ў раёне прайшлі святочныя мерапрыемствы. На адным з іх мы пабывалі.

Арганізатарамі сустрэчы пакаленняў, а іменна камсамольцаў 70-80-х гадоў з сучаснай моладзю, сталі райкам ГА «БРСМ», аддзел па адукацыі райвыканкама.

Малая зала гарадскога Палаца культуры была перапоўнена вучнямі школ горада і некаторых сельскіх навучальных устаноў.

Спікерамі дыялогавай пляцоўкі выступілі намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Руслан Супрыновіч, а таксама былыя камсамольцы тых гістарычных гадоў мінулага стагоддзя Аляксандр Блізнюк і Анатоль Гвоздзік.

Пасля прагляду фільма, які расказваў гісторыю стварэння, станаўлення і развіцця маладзёжнага саюза, слова было прадастаўлена ўдзельнікам маладзёжнага руху папярэдніх пакаленняў.

Аляксандр Блізнюк дастаткова працяглы час працаваў у Пружанскім райкаме камсамола. На маё здзіўленне, аказалася, што лёс Аляксандра Іванавіча некалькі падобны да майго. Яму, як і мне, прапанавалі працаваць у райкаме незадоўга да таго трагічнага часу, калі не стала СССР, кампартыі і, зразумела, камсамола. Я на самым пачатку 90-х гадоў праходзіў вайсковую службу ў Казахстане, дзе мяне, радавога байца, выбралі сакратаром камсамольскай арганізацыі часці сувязі пры штабе корпуса войск проціпаветранай абароны. Аляксандр Іванавіч жа працягваў кіраваць моладзю Пружаншчыны да таго часу, пакуль гэтая маладзёжная арганізацыя не злілася з аналагічнай грамадскай арганізацыяй. Аб’яднанне, як мы ведаем, называецца зараз «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».

Анатоль Гвоздзік расказваў, як пашчасціла яму ўдзельнічаць у будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі (БАМ). Каб трапіць на Усесаюзную маладзёжную будоўлю, трэба было гэта яшчэ заслужыць.

Наогул, аповед кожнага са спікераў быў цікавым. Пасля гэтага яны адказалі на пытанні сваіх пераемнікаў — цяперашніх і будучых членаў маладзёжнай арганізацыі сучаснай Беларусі.

Дзяўчат і хлопцаў цікавіла, як раней моладзь бавіла час, як зараблялі грошы, якія справы найбольш запалі ў памяць і многае іншае.

У сваю чаргу Руслан Супрыновіч папрасіў тых, хто сабраўся ў зале, адказаць на розныя пытанні. Многія адказы былі даволі цікавыя.

Апошнім акордам сустрэчы пакаленняў стала ўручэнне білетаў новым членам ГА «БРСМ».

Правялі ўрачыстую цырымонію Анатоль Гвоздзік, Аляксандр Блізнюк і першы сакратар Пружанскага райкама ГА «БРСМ» Ульяна Апаляйчук.

Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара

Больш фотаздымкаў вы знойдзеце ў альбомах: https://vk.com/album-23306785_298708980 і https://ok.ru/budni/album/970000641672