Пятница, 14 февраля 2025

У пошуку антыцел: пружанцы прынялі ўдзел у маштабным даследаванні

1 380

Больш за год галаўны боль пацыентаў і ўрачоў і адна з галоўных інфармацыйных нагод для журналістаў – каранавірус. Хтосьці ўжо перахварэў, некаму давялося сутыкнуцца з хваробай нават двойчы, а кагосьці вірус увогуле абышоў. Пакуль што. Але дакладнага адказу на пытанне, ці можа сфарміравацца ў чалавека пажыццёвы імунітэт да COVID-19, няма. Тым не менш, існуе паняцце часовага імунітэту. Каб высветліць, на якім узроўні ён зараз у беларусаў, Міністэрства аховы здароўя ініцыявала маштабны праект.

Старт даследаванню далі 12 мая. У гэты дзень на сайце Міністэрства аховы здароўя была запушчана анкета. Кожны жадаючы мог запоўніць яе, а пасля здаць кроў на антыцелы да COVID-19, прычым бясплатна. У раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі расказалі, што такой магчымасцю скарысталася 73 жыхары раёна.

Міністэрства аховы здароўя плануе правесці такое ж даследаванне праз тры і шэсць месяцаў. А мы запыталіся ў добраахвотнікаў, чаму яны адважыліся на ўдзел у праграме па вывучэнні папуляцыйнага імунітэту.

Марыя Грышкевіч, галоўная медсястра УАЗ «Пружанская ЦРБ»:

— Яшчэ раней ведала, што ідзе падрыхтоўка да праекта: наша медустанова ўзаемадзейнічала з абласным цэнтрам гігіены, які пастаўляў абсталяванне для забору біяматэрыялу. Мяне зацікавіў гэты праект, лічу, што ён правільны і патрэбны. Да таго ж, магчымасць бясплатна даведацца, ці ёсць у арганізме антыцелы.

Алена Асіпук, старшая медсястра педыятрычнага аддзялення:

— Даведалася пра праект ад нашага праграміста, які падзяліўся спасылкай. Зарэгістравалася, а пасля атрымала запрашэнне здаць кроў. Гэтаму папярэднічала кансультацыя ў інфекцыяніста. Каранавірус – пакуль не вывучаная хвароба. Я перахварэла ў лёгкай форме. Зараз раздумваю над неабходнасцю зрабіць прышчэпку. Ці варта паспяшацца, канечне, пакажуць вынікі аналізу.

Таццяна Нічыпаровіч, бухгалтар райбальніцы:

— Сімптомаў каранавіруса ў мяне пакуль не было, але ж здараецца, што хвароба можа мець бессімптомнае цячэнне. Менавіта таму вырашыла скарыстацца магчымасцю і здаць кроў на антыцелы. Калі прыйдзе вынік тэста, буду дакладна ведаць, ці хварэла на COVID-19.

Таццяна Рысь, бухгалтар бальніцы:
— Перахварэла на каранавірус год таму. А нядаўна зноў былі сімптомы прастуды. Удзел у праекце дасць мне інфармацыю пра наяўнасць антыцел, падкажа, ці можна крыху расслабіцца.

Дзмітрый Лібакоў, урач-педыятр:

— Праект, безумоўна, цікавы і нават незвычайны. Здавалася б, радавы забор крыві. Аднак, лічу, ён вельмі важны: дзякуючы праекту, выяўляецца імунная праслойка. Медыкі змогуць спрагназаваць, як перамяшчаецца імунітэт. Мяне вірус не абышоў бокам: хварэў у лістападзе. Таму нават цікава, які ў мяне шанец на паўторнае заражэнне.

Падрыхтаваў Уладзіслаў Шпарла.
Фота аўтара.